Спроба сфармаваць рэгіянальнае лобі ў Расіі? Дзіўнасці візіту Лукашэнкі ў Іркуцк
Прыезд Аляксандра Лукашэнкі ў Іркуцк выглядаў спантанным і нагадваў хутчэй прыватны, чым рабочы, падмячае былы дыпламат Павел Мацукевіч.
08.06.2024 / 22:18
Губернатар Іркуцкай вобласці Ігар Кобзеў і Аляксандр Лукашэнка на возеры Байкал. Фота: БелТА
Візіт Лукашэнкі ў гэты расійскі рэгіён адбыўся 4-5 чэрвеня.
«Абодва бакі скарысталіся аказіяй: Лукашэнка быў з дзяржаўным візітам у Манголіі, якая практычна суседнічае з Іркуцкай вобласцю (праз Бурацію), і па шляху назад у Мінск зрабіў прыпынак, працягнуўшы тым самым сваю камандзіроўку.
Дзіўным з'явілася тое, што ён прыбыў у Іркуцк з Улан-Батара фактычна ў адзіноце, не лічачы аховы, журналісцкага пула і Мікалая. Куды і чаму падзеліся ўсе шматлікія галіновыя міністры, якія суправаджалі яго ў Манголіі, незразумела»,
— піша былы дыпламат у сваім тэлеграм-канале.
У Іркуцку не было галіновых міністраў і кіраўнікоў канцэрнаў, толькі амбасадар Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты.
«Ён сустракаў Лукашэнку ля трапа і замяніў сабой усю світу на перамовах з губернатарам і ўсіх іншых прагулачных і дзелавых мерапрыемствах, як наведванне авіяцыйнага завода, напрыклад.
Праўда, амбасадар Беларусі ў Расіі мае статус віцэ-прэм'ера і, як запэўніваў у Іркуцку сам Лукашэнка, узначальвае другі беларускі ўрад, які ў Маскве. Пад ім маецца на ўвазе пухлы штат пасольства Беларусі разам з аддзяленнямі па ўсёй Расіі».
Дзіўным у гэтым візіце, на думку Мацукевіча, было і тое, што сустрэча Лукашэнкі з губернатарам Іркуцкай вобласці нагадвала справаздачу аднаго перад адным. Магчыма, шматгадзінныя сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным сам-насам прыўзнялі аўтарытэт першага ў Расіі. А можа, тое, што Лукашэнка сам часта запрашае ў Мінск губернатараў, падкупляе іх.
«Такім немудрагелістым спосабам Мінск спрабуе сфармаваць рэгіянальнае лобі ў РФ, якое можа аказацца карысным на выпадак, калі ў Крамлі адбудуцца перамены. Няма гарантыі, што лобі спрацуе, калі ў Крамлі зменіцца настрой у дачыненні да беларускага хаўрусніка, але як прафілактычны сродак ад магчымых непрыемнасцяў ён цалкам прыдатны»,
— робіць выснову былы дыпламат.
Да таго ж, гэта можа дазволіць нарасціць беларускі экспарт у расійскія рэгіёны — у замену страчаным заходнім рынкам.
Лукашэнка ў Іркуцку пахваліўся, як задушыў страйк машыністаў метро ў 1995-м
Расія хоча стварыць у Беларусі сэрвісныя цэнтры для авіятэхнікі