У Оршы прадаюць Skoda Octavia з рэкордным прабегам 900 тысяч кіламетраў
Гэта як да Месяца і назад.
11.06.2024 / 13:25
Фота: cars.av.by
У Оршы прадаецца Skoda Octavia з прабегам 900 тыс. км. У машыне шмат чаго памянялі, але яна ўсё яшчэ ездзіць штодня як таксі. Журналіст Tochka.by патэлефанаваў прадаўцу.
Skoda Octavia пакалення А7 — 2014 года выпуску. На механічнай каробцы перадач. Пад капотам стараецца 1,6-літровы рухавік на 110 конскіх сіл.
Фота: cars.av.by
Сярэдні расход бензіну — 6,4 л на 100 км. Але гэтая Skoda ездзіць на метане — пухлы балон займае палову прасторнага багажніка ліфтбэка.
У аб'яве ўказаны прабег 843 тысяч кіламетраў. Прадавец не стаў яго скручваць. Праўда, актуальная лічба ўжо падабралася да 900 тыс. км.
«Кожны дзень намотваю па 300-500 км», — распавёў гаспадар аўтамабіля Сяргей, ён актыўна таксуе.
Па фота бачна, што машына паездзіла. Хоць сур'ёзных бачных пашкоджанняў па кузаве няма. Хіба што пайшла іржа па парогах.
Фота: cars.av.by
«Памяняў рухавік — пачала ціснуць аліва. Счапленне памяняў. Перабіраю падвеску кожныя 40 тыс. км. скрынка родная», — Сяргей клапоціцца пра машыну.
Цэннік — 8 300 даляраў. Магчымы торг.
«Машына ў продажы стаіць пару тыдняў, але пакуль ніхто, акрамя вас, мне не тэлефанаваў», — заявіў гаспадар Skoda.
У Беларусі могуць істотна падаражэць аўтамабілі. Усё праз новыя еўрапейскія патрабаванні
Дзве краіны ў ЕС прапанавалі не абмяжоўваць вываз люксавых тавараў у Беларусь