Топ-6 найлепшых экранізацый твораў Васіля Быкава

На наступным тыдні, 19 чэрвеня, будзе адзначацца 100-гадовы юбілей славутага беларускага пісьменніка. Васіль Быкаў — адзін з самых няпростых аўтараў для экранізацыі: у яго творах няма экшна і вайны ў маштабе, усё засяроджана на гісторыях асобных людзей, іх перажываннях і экзістэнцыйным выбары. Тым не менш некаторым фільмам паводле твораў Быкава ўдалося перадаць стылістыку аўтара, і яны палюбіліся як гледачам, так і крытыкам, піша Будзьма.

12.06.2024 / 08:27

«Альпійская балада»

Год: 1966
Рэжысёр: Барыс Сцяпанаў
Сцэнар: Васіль Быкаў

Беларус Іван, які ўцёк з нямецкага палону, сустракае італьянскую дзяўчыну. Яна таксама знаходзіцца ў бягах і становіцца яго няпрошанай спадарожніцай. Іван і Джулія гавораць на розных мовах, але агульная бяда збліжае іх. Ім трэба будзе правесці тры дні ў Альпах, хаваючыся ад немцаў.

Першапачаткова фільм хацеў зняць італьянскі рэжысёр Джузэпэ Дэ Сантыс, але яму адмовілі, і сцэнар аддалі Барысу Сцяпанаву. Любоў Румянцаву, якая сыграла ролю Джуліі, кансультавала італьянская актрыса. Румянцава выдатна ўжылася ў ролю: яе эмацыйная і звонкая Джулія спачатку моцна кантрастуе з меланхалічным Іванам. Аднак, чым далей яны ідуць па гарах, тым часцей на твары Івана, азмрочаным жахамі вайны, з’яўляецца ўсмешка.

Паглядзець можна тут.

«Знак бяды»

Год: 1985
Рэжысёр: Міхаіл Пташук
Сцэнар: Міхаіл Пташук

Фільм Міхаіла Пташука пра гісторыю мужа і жонкі: Сцепаніды і Пятра. Пара жыве ў вёсцы, куды аднойчы прыходзяць нямецкія акупанты. Быкаў падымае ў аповедзе табуяваныя тэмы: галоўныя героі сталі ахвярамі калектывізацыі, але гэта не падштурхнула іх да здрады, у адрозненне ад іх аднавяскоўцаў, якія перакінуліся на бок праціўніка. Тым не менш Пятро, баючыся за сваё жыццё, спрабуе задобрыць акупантаў, у той час як Сцепаніда гатовая да апошняга супраціўляцца.

Дарэчы, з-за сцэны з раскулачваннем герояў фільм ледзь было не забаранілі, бо гэта была прамая крытыка савецкай улады. Але «Знак бяды» паглядзеў асабіста Гарбачоў, і карціна ўсё ж выйшла ў пракат.

Фільм здымалі ў роднай вёсцы Міхаіла Пташука, пад Баранавічамі, фактычна не выкарыстоўваючы дадатковых дэкарацый, што дазволіла захаваць гістарычную дакладнасць. Галоўныя ролі выканалі беларускі акцёр Генадзь Гарбук і расіянка Ніна Русланава. Па словах аператара Таццяны Логінавай, актрыса старалася глыбока ўжыцца ў вобраз, нават спала і ела ў касцюме сваёй гераіні. «Знак бяды» атрымаў тры ўзнагароды на кінафестывалях і ўвайшоў у дзясятку найлепшых фільмаў Лонданскага музея кіно і мастацтва.

Паглядзець можна тут.

«Абеліск»

Год: 1970
Рэжысёр: Рычард Віктараў
Сцэнар: Васіль Быкаў, Рычард Віктараў

У многіх фільмах Васіль Быкаў асабіста ўдзельнічаў у напісанні сцэнара. Напрыклад, у фільме «Абеліск», дзеянні якога адбываюцца ў Заходняй Беларусі. Галоўны герой, Алесь Мароз, працуе ў сельскай школе настаўнікам. Калі да вёскі даходзяць нямецкія войскі, падлеткі пачынаюць супраціўляцца акупантам і выпадкова забіваюць аднаго з іх. Хлопчыкаў ловяць і патрабуюць здаць іх настаўніка. Немцы абяцаюць адпусціць дзяцей, калі Мароз ім здасца. Як і ў многіх творах Быкава, галоўны герой паўстае перад экзістэнцыйным выбарам: выратаваць сябе ці дзяцей.

Цікава, што фільм таксама доўга праляжаў на «паліцы» па ідэалагічных матывах.

«Ваўчыная зграя»

Год: 1975
Рэжысёр: 
Барыс Сцяпанаў
Сцэнар:
Васіль Быкаў

У аснове сюжэту ляжыць гісторыя беларускіх партызан. Трое мужчын, сярод якіх два цяжка параненыя, а таксама цяжарная радыстка Клава, адпраўляюцца ў суседні атрад у пошуках лекара. Па дарозе іх пераследуюць немцы. Партызаны хаваюцца ў спаленым сяле, дзе ў Клавы пачынаюцца роды. Але і тут іх наганяюць ворагі.

Фільм атрымаў станоўчыя водгукі ў крытыкаў, хоць некаторыя з іх адзначылі, што аўтары трохі спрасцілі сюжэт быкаўскай аповесці. Тым не менш карціна вартая прагляду, вайна ў ёй прадстаўлена праз прызму чалавечых разважанняў аб гуманізме ў бязвыхаднай сітуацыі.

Паглядзець можна тут.

«На чорных лядах»

Год: 1995
Рэжысёр: 
Валерый Панамароў
Сцэнар: 
Васіль Быкаў, Валерый Панамароў

«На чорных лядах» — адна з самых скандальных экранізацый Быкава, знятая рэжысёрам Валерыем Панамаровым у 1995 годзе.

Дзеянні адбываюцца ў 1920 годзе падчас Слуцкага паўстання: для савецкай улады гэтая падзея стала непрыемнай праўдай, якую яны імкнуліся замоўчваць. Па сюжэце група беларускіх паўстанцаў трапляе ў пастку бальшавікоў. Яны разумеюць, што іх чакаюць толькі катаванні і смерць, і вырашаюць апярэдзіць ворага. Беларускі крытык А. Расінскі адзначыў, што гэта «экзістэнцыйная драма, якая паказвае трагізм беларускай гісторыі», таксама абсалютна несавецкая карціна.

Нягледзячы на тое, што фільм выйшаў ва ўжо незалежнай Беларусі, у пракат ён так і не трапіў: СМІ ўгледзелі ў гэтым ідэалагічны падтэкст. У 2020 годзе фільм выклалі ў сетку ў палепшанай якасці.

Паглядзець можна тут.

«У тумане»

Год: 2012
Рэжысёр: 
Сяргей Лазніца
Сцэнар: 
Сяргей Лазніца

Фільм зняты паводле аднайменнай аповесці Васіля Быкава вядомым украінскім рэжысёрам Сяргеем Лазніцам. Дзеянні адбываюцца ў 1942 годзе ў акупаванай Беларусі. Галоўны герой Сушчэня — адзін з арыштаваных немцамі па падазрэнні ў дыверсіі на чыгунцы. Траіх змоўшчыкаў караюць смерцю, а яго самога па невядомых прычынах адпускаюць. Пасля гэтага мясцовыя жыхары пачынаюць задумвацца, а «ці не здраднік Сушчэня?». Партызаны Бураў і Войцік вырашаюць адпомсціць і пакараць смерцю галоўнага героя, але трапляюць у засаду. Бураў паранены, і Сушчэня дапамагае яму, выклікаючы яшчэ больш пытанняў у партызан. Хто ён: свой ці чужы?

Фільм уяўляе сабой амаль медытатыўны твор, пакідаючы гледачу прастору для асэнсавання таго, што адбываецца. «У тумане» быў высока ацэнены крытыкамі і прыняў удзел у міжнародных фестывалях. Стывен Долтан з «The Hollywood Reporter» адзначыў, што фільм уяўляе сабой «універсальны роздум аб чалавечым быцці, дзе вайна — хутчэй алегорыя жыцця, а туман — метафара будучай невядомасці».

@nashaniva Сёння Васілю Быкаву споўнілася б 100 гадоў. Цікавая гісторыя з яго жыцця #васільбыкаў #беларусь #нашаніва #беларускаямова #беларускітыкток #жывебеларусь #белорусы ♬ Беларусь - Без Билета

Як Лукашэнка чарговы раз дробна адпомсціў Быкаву

Паглядзіце, якія прыгожыя маркі выпусціла да 100-годдзя Васіля Быкава Рада БНР ФОТАФАКТ

Выставу да юбілею Быкава згортваюць праз 10 дзён пасля адкрыцця

Як Васіль Быкаў разбіраўся ў камп'ютары. Паглядзіце, які мілы артэфакт ёсць у музеі ФОТАФАКТ

Гарадзенцы звярнуліся ў гарвыканкам наконт помніка Быкаву, ім адказалі

Nashaniva.com