«Прыйшоў пешшу з Беларусі». Палякі расказалі сваё бачанне гісторыі з беларусам, праз якога закрывалі памежны пункт
Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што ў Дзмітрыя Смактуновіча няма праблем з беларускім заканадаўствам. А палякі — што ён «прыйшоў пешшу з тэрыторыі Беларусі».
12.06.2024 / 13:11
Дзмітрый Смактуновіч з памежнікамі
ДПК выпусціў паведамленне, што ў Дзмітрыя Смактуновіча «адсутнічаюць праблемы з беларускім заканадаўствам, і, такім чынам, ён бесперашкодна можа вярнуцца на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Раней гэты грамадзянін неаднаразова перасякаў беларускую мяжу.
Там дадалі, што «цяпер беларускі бок аказвае грамадзяніну неабходную дапамогу, бо польскія прадстаўнікі ўлады выправадзілі мужчыну без сродкаў да існавання».
За каментарамі наконт сітуацыі са Смактуновічам да прэс-сакратара Надбужанскага аддзела памежнай службы Польшчы Дарыюша Сеніцкага звярнулася «Люстэрка».
Той зазначыў, што ў 11:30 рух у пункце пропуску быў адноўлены пасля «невялікага перапынку».
— Перапынак быў выкліканы тым, што грамадзянін Беларусі, які хацеў перасекчы мяжу пешшу, быў адпраўлены назад, бо ў пераходзе «Тарэспаль» дазволена перасякаць мяжу толькі на аўтамабілях, там не прапускаюць пешаходаў, — сказаў Сеніцкі. — Гэты чалавек прыйшоў пешшу з тэрыторыі Беларусі, яго развярнулі яшчэ на мосце праз Буг, перад уваходам на тэрыторыю памежнага пераходу. Ён нават не паспеў дайсці да тэрміналаў і быў затрыманы на лініі дзяржаўнай мяжы. Ужо знаходзячыся на тэрыторыі Беларусі, ён выйшаў за агароджу маста і спрабаваў саскочыць у раку. Пасля перамоваў з беларускімі службамі мужчына вярнуўся на дарогу і пайшоў на тэрыторыю Беларусі.
— Але паводле інфармацыі жонкі гэтага беларуса, ён быў дэпартаваны з Польшчы, адмовіўся вяртацца ў Беларусь і застаўся ў нейтральнай зоне, — удакладніла «Люстэрка».
— Не, гэты чалавек спрабаваў перайсці мяжу пешшу, ён прыбыў з тэрыторыі Беларусі. Але быў затрыманы памежнікамі яшчэ на ўваходзе ў пункт пропуску «Тарэспаль» і адпраўлены назад.
Паводле інфармацыі выдання MOST, беларуса Дзмітрыя Смактуновіча 11 чэрвеня выправадзілі з Польшчы за парушэнне правілаў знаходжання ў Еўрасаюзе. Мужчына ночыў на мосце на мяжы.
Як сцвярджала яго жонка Наталля, мужчыну нельга ў Беларусь праз палітычны складнік: паводле яе слоў, Зміцер актыўна каментаваў падзеі 2020 года ў сацсетках. Да яго маці прыходзілі людзі, якія цікавіліся мужчынам. А потым з ім звязаліся знаёмыя «з органаў» і рэкамендавалі па магчымасці не прыязджаць у Беларусь, таму што на яго ёсць нейкія матэрыялы.
Таксама яна распавяла, што ў красавіку 2023 года Дзмітрыя затрымлівалі за перавозку мігрантаў, якія нелегальна ўязджаюць у Польшчу з беларускага боку.
Спрабуючы выціснуць беларуса на тэрыторыю РБ, польскія памежнікі спынілі рух на памежным пункце ў Тарэспалі ў абодва бакі. Калі мужчына перайшоў на беларускі бок, рух аднавіўся.
З Польшчы дэпартуюць беларуса, які не хоча на радзіму. Ён на нейтральнай паласе пад Брэстам
Польскія памежнікі ў пункце пропуску Тарэспаль перакрылі рух у абодва бакі
Беларуса, якога дэпартуюць з Польшчы, раней судзілі за перавозку нелегальных мігрантаў