Ціханоўская ў ЗША заклікала не апускаць жалезную заслону з Беларуссю: «Не замыкайце нас у клетку з гэтым зверам»
Лідар дэмакратычных сіл Беларусі Святлана Ціханоўская знаходзіцца з візітам у Вашынгтоне, дзе яна сустракаецца з прадстаўнікамі амерыканскай адміністрацыі, грамадзянскай супольнасці, а таксама прыме ўдзел у слуханнях у Кангрэсе ЗША. У Вашынгтоне Ціханоўская дала інтэрвʼю Рускай службе «Голасу Амерыкі».
13.06.2024 / 08:42
Святлана Ціханоўская і Джэйк Саліван, 11 чэрвеня 2024 года. Фота распаўсюджанае Офісам Ціханоўскай
Журналісты спыталі Ціханоўскую пра пуцінскую рыторыку пра магчымае адкрытае супрацьстаянне з НАТА. Якая тут можа быць роля Аляксандра Лукашэнкі?
— Я думаю, што Лукашэнка пры неабходнасці падасць тэрыторыю Беларусі для нападаў, калі такое рашэнне будзе прынятае. І ён да канца будзе лаяльны Пуціну. І ад гэтага ўжо яго не выратаваць, ды і ці трэба ратаваць: ён ужо там, усімі рукамі і нагамі ў Расіі, ён прадае нашу краіну, прадае нашу незалежнасць.
Таму чаму мы гаворым пра тое, што Беларусь трэба выцягваць з вайны? Бо без беларускай тэрыторыі нашмат моцна падоўжыцца гэты шлях ад Расіі да краін НАТА. Але тут трэба дапамагчы і беларусам, тут трэба дапамагчы ўкраінцам уратаваць наш рэгіён. І гэта адказнасць не толькі наша, беларусаў і ўкраінцаў — гэта адказнасць усяго дэмакратычнага свету. Таму трэба не ратаваць Лукашэнку, а ратаваць краіну ад Лукашэнкі.
— А калі, як вы кажаце, Лукашэнка сапраўды можа сказаць «так» Пуціну і прыняць удзел у магчымай эскалацыі з НАТА, якія наступствы гэта можа мець для краіны і для тых беларусаў, якія зʼехалі і знаходзяцца зараз на Захадзе?
— Я думаю, што гэта будзе адназначна жалезная заслона. Хоць яна ўжо зараз перыядычна накрывае нашу краіну, хаця мы гэтаму ўсяляк супрацьстаім.
Наш пасыл вельмі ясны: адрознівайце рэжым Лукашэнкі і беларусаў, ізалюйце рэжым, але дапамагайце беларусам падарожнічаць, дапамагайце беларусам не губляць гэтыя кантакты з дэмакратычным светам.
Таму што зараз беларусы бачаць — колькасць візаў зменшылася, закрываюць пагранпераходы, тыя беларусы, хто выязджае, не могуць там банкаўскія рахункі адкрыць, там нейкая дыскрымінацыя бывае па нацыянальнай прыкмеце. І спрацоўвае тады наратыў Лукашэнкі, які прапагандуе, што вас там ніхто не чакае, вы куды сабраліся, ў якую дэмакратыю, вы там нікому не патрэбны.
Дык вось, наша задача і задача нашых саюзнікаў, наадварот, паказаць беларусам: вось, нашы дзверы адчыненыя, заходзьце, мы вас чакаем, вы нам патрэбныя. Трэба ізаляваць рэжым і трэба дапамагаць беларусам адчуваць, што такое дэмакратыя, што такое свабода. Не замыкайце нас у клетку з гэтым зверам, у нас ужо мільёны закладнікаў у Беларусі.
Першы раз за шмат-шмат гадоў больш беларускіх студэнтаў паехала вучыцца ў расійскія ўніверсітэты, чым у заходнія. Такога ніколі не было. Таму што зараз Беларусь саўдзельнік у вайне, значыць, менш студэнтаў прымаюць, пагроза нацбяспекі і ўсё такое. Дык вы закрываецеся ад беларусаў! Наадварот, пакажыце беларусам, што ёсць альтэрнатыва Лукашэнку і рускаму свету. Што вось — мы тут.
Так, Лукашэнка ўжо ў руках Расіі, але не штурхайце беларусаў туды. Мы і так ужо бачым працэс русіфікацыі ў нашай краіне — гэта такая паўзучая акупацыя, такая ціхая вайна, ціхая заваёва Беларусі без агалоскі.
Чаго мы чакаем ад заходняга свету? Мы чакаем паслядоўнай палітыкі. У наступным годзе будуць гэтак званыя выбары ў Беларусі. Гэта будзе прызначэнне Лукашэнкі самім Лукашэнкам — гэта будзе такі рытуал, але ён нічога агульнага з выбарамі не мае. І мы хочам, каб нашыя партнёры працягвалі палітыку непрызнання рэжыму Лукашэнкі — і наадварот, прызналі б субʼектнасць беларускіх дэмакратычных сіл. Я думаю, што тут нічога не зменіцца.
Ціханоўская гаворыць, што чакае ад амерыканскіх партнёраў Акт аб дэмакратыі ў Беларусі.
— Гэта такое стратэгічнае разуменне сітуацыі ў Беларусі і як ЗША могуць дапамагчы. Нам патрэбны спецпрадстаўнік ад ЗША. Нам патрэбна дапамога, патрэбна дапамога дэмакратычным сілам, каб супрацьстаяць прапагандысцкай машыне і ў цэлым дапамагчы выжыць нашым ініцыятывам, арганізацыям, палітычным структурам.
Нам трэба вызваляць нашых людзей, многія з якіх знаходзяцца ў жахлівым становішчы па здароўі. Гэта людзі з ракам, з дыябетам, з сардэчнымі хваробамі. Нам трэба вызваляць людзей, якія знаходзяцца ў рэжыме incommunicado. Я больш за год нічога не ведаю пра свайго мужа, наогул нічога.
І гэта можна зрабіць толькі, на маю думку, праз такі падыход: ізаляцыя рэжыму і дапамога беларусам. Мы не просім увесь свет змагацца замест нас, мы просім дапамагчы нам змагацца з гэтым рэжымам.
І вось у наступным месяцы, я думаю, што я прыеду на саміт НАТА па запрашэнні Столтэнберга. Гэта нашыя першыя такія кантакты з НАТА. І тут, насамрэч, вядома, трэба казаць пра тое, што расейскія вайскоўцы ўсё яшчэ знаходзяцца ў Беларусі, што ў Беларусі ідзе гэтая паўзучая акупацыя, якую ніхто не бачыць, і трэба нам дапамагаць ратаваць краіну.
Ціханоўская сустрэлася з дарадцам па нацыянальнай бяспецы ЗША