Дырэктара «Камунаркі» арыштавалі, але вызвалілі. Выглядае, што яго ўратаваў статус дэлегата УНС
Па інфармацыі «Нашай Нівы», Сяргей Анюхоўскі некалькі дзён правёў у СІЗА, але ў выніку хутка выйшаў на свабоду. Яму дапамаглі даволі камічныя абставіны.
16.06.2024 / 17:06
Дырэктар «Камунаркі» Сяргей Анюхоўскі. Фота: bobrlife.by
44-гадовы Сяргей Анюхоўскі працуе дырэктарам мінскай «Камунаркі» з 2021 года. Выхадзец з Дубровенскга раёна, ён рабіў кар'еру ў Віцебскай вобласці, а пасля дырэктараваў на «Чырвоным харчавіку» ў Бабруйску. У 2019—2024 быў членам Савета Рэспублікі. Дарэчы, бацька Анюхоўскага раней таксама быў сенатарам.
«Камунарка» ў выніку санкцый апынулася ў складаным становішчы — у краіну цяжэй едуць асноўныя какававыя інгрэдыенты, неабходныя для вырабу кандытаркі, ёсць цяжкасці і з правядзеннем плацяжоў.
«Праз санкцыі і іншыя з'явы, звязаныя з глабальным сусветным крызісам, многія буйныя замежныя гульцы ў сегменце кандытарскай вытворчасці згарнулі свае пастаўкі ў Беларусь», — жаліўся сам Анюхоўскі. Наконт крызісу — няпраўда, ніякага «сусветнага крызісу» няма ў прыродзе, але не пра тое гаворка.
Як стала вядома «Нашай Ніве», праз нюансы ў аплаце імпартных тавараў у фінансавых органаў Лукашэнкі ўзніклі пытанні да дырэктара, і яго затрымалі. Як расказаў «Нашай Ніве» работнік «Камунаркі», здарылася гэта ў красавіку 2024 года.
Па словах нашай крыніцы, Анюхоўскага змяшчалі ў следчы ізалятар, але напярэдадні Усебеларускага народнага сходу, дэлегатам якога ён быў прызначаны, вызвалілі.
На «Камунарцы» ўпэўненыя, што Анюхоўскага ўратаваў статус дэлегата УНС. Менавіта гэты аргумент пусцілі ў ход просьбіты-паручальнікі, і кіраўніцтва Следчага камітэта пайшло ім насустрач. Трымаць дэлегата за кратамі падчас сходу не рашыліся.
Факт, што Анюхоўскі дагэтуль значыцца кіраўніком гіганта вытворчасці ласункаў.
У першага намесніка кіраўніка Белчыгункі знайшлі дома $3 мільёны