Пуцін заявіў, што быў гатовы не акупаваць паўднёвыя вобласці Украіны ў абмен на сухапутны калідор у Крым

Расійскі правіцель упершыню паспрабаваў патлумачыць, чаму ўварваўся ў Херсонскую і Запарожскую вобласці.

14.06.2024 / 15:39

Фота: Contributor Getty Images

Уладзімір Пуцін на сустрэчы з кіраўніцтвам расійскага МЗС заявіў, што ў пачатку поўнамаштабнай вайны, маўляў, не выключаў захавання ўкраінскага суверэнітэту над Запарожскай і Херсонскай абласцямі ў абмен на сухапутны калідор у Крым.

Пуцін упершыню з пачатку ўварвання патлумачыў прычыны, нібыта па якіх ён уварваўся ў паўднёвыя вобласці Украіны. Паводле яго слоў, 5 мая 2022 года ён праз пасярэдніка перадаў прапанову аб урэгуляванні ў Запарожскай і Херсонскай абласцях. На думку «Агентства», гаворка ідзе пра тагачаснага прэм'ера Ізраіля Нафталі Бенета, які наведваў Маскву 5 мая.

Пуцін адзначыў, што пасярэднік пытаўся ў яго, з якой прычыны расійскія войскі знаходзяцца ў Запарожскай і Херсонскай абласцях. Расійскі кіраўнік нібыта адказаў, што такі быў план Генштаба.

«Тады ад замежнага калегі пайшло ўдакладненне: ці будуць расійскія войскі заставацца ў Херсонскай і Запарожскай абласцях і што будзе з гэтымі рэгіёнамі пасля дасягнення мэтаў СВА. На гэта адказаў, што ў цэлым не выключаю захавання ўкраінскага суверэнітэту над гэтымі тэрыторыямі, аднак пры ўмове, што Расія будзе мець трывалую сухапутную сувязь з Крымам. Гэта значыць, Кіеў павінен гарантаваць так званы сэрвітут — юрыдычна аформленае права доступу Расіі на Крымскі паўвостраў праз Херсонскую і Запарожскую вобласці», — расказаў Пуцін.

Ён заявіў, што пасярэднік адправіўся ў Кіеў з гэтай прапановай, аднак украінскія ўлады нібыта адмовіліся ад яго паслуг праз тое, што ён стаіць на прарасійскіх пазіцыях.

Нагадаем, Расія ў 2022 годзе аб'явіла аб анексіі Херсонскай і Запарожскай абласцей Украіны, пры гэтым расійскія войскі не кантралююць абласныя цэнтры. Сёння Пуцін назваў свае ўмовы для пачатку мірных перамоў: украінскія войскі павінны цалкам пайсці з тэрыторыі гэтых рэгіёнаў, а таксама з тэрыторый Данецкай і Луганскай абласцей.

Пуцін назваў умовы спынення агню і пачатку перамоў па Украіне

Пуцін: Расійскія войскі ў 2022 годзе не збіраліся штурмаваць Кіеў

Пуцін вечарам правёў нараду з міністрам абароны і начальнікам Генштаба

Nashaniva.com