МАГАТЭ аказвала прамую падтрымку іранскай ядзернай праграме

Агенцтва ААН выдзяляла грошы і адпраўляла іранскіх спецыялістаў на навучанне ў Расію.

16.06.2024 / 19:52

Завод па перапрацоўцы ўрану ў Ісфахане. Фота: Getty Images

Міжнароднае агенцтва па ядзернай энергіі (МАГАТЭ) аказвала падтрымку іранскай ядзернай праграме. Гэта вынікае з канфідэнцыйных файлаў па ядзернай праграме Ірана, на якія спасылаецца BILD am SONNTAG

МАГАТЭ, якое ўваходзіць у структуру ААН, на мінулым тыдні аб'явіла, што Іран пашырыў ядзерную праграму. Аднак менавіта гэтае агенцтва гадамі падтрымлівала іранскія даследаванні фінансава, а таксама адпраўляла даследнікаў з Ірана на навучанне ў Расію.

Прадстаўнікі МАГАТЭ ў пачатку 2022 года сустракаліся ў Вене з адным з галоўных натхняльнікаў стварэння іранскай ядзернай бомбы Джавадам Карымі-Сабетам, які знаходзіцца пад санкцыямі ЗША. Згодна з унутранай электроннай перапіскай, МАГАТЭ заплаціла Карымі за сустрэчу гатоўкай, паколькі банкаўскі перавод быў немагчымы з-за санкцый.

У 2018 годзе амерыканцы выйшлі з ядзернай дамовы з Іранам і ўзмацнілі жорсткасць санкцыйны рэжым супраць Тэгерана. У выніку здзелка рассыпалася, Іран абмежаваў знешні кантроль за ядзернымі даследаваннямі. Згодна з канфідэнцыйнымі дакументамі, МАГАТЭ пасля запусціла праграмы фінансавання іранскай ядзернай навукі.

У канцы 2019 года агенцтва сфармулявала мэту праекта «IRA2018001» пасля кансультацый з іранскімі навукоўцамі. У праекце гаварылася, што «дзейнасць будзе накіравана на павышэнне кваліфікацыі і ведаў вучоных і паляпшэнне апаратнай і праграмнай інфраструктуры, што будзе садзейнічаць паляпшэнню работы і выкарыстанню даследчых рэактараў».

Даследчыя рэактары лічацца патэнцыйнай крыніцай плутонію, які можна выкарыстоўваць для стварэння ядзернай зброі.

МАГАТЭ таксама фінансавала многія праграмы навучання навукоўцаў з Тэгерана ў Расіі: адабраныя эксперты часам тыднямі навучаліся там пад эгідай расійскага «Расатама».

Гэтыя звесткі часткова пацвярджаюць падазрэнні прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага: неўзабаве пасля расійскага ўварвання ён заявіў пра існаванне альянсу Расіі і Ірана. Паводле яго слоў, рэжым аяталы атрымаў ад Масквы падтрымку ядзернай праграмы ў абмен на пастаўку беспілотнікаў.

Прадстаўнік МАГАТЭ пацвердзіў факт навучання іранскіх навукоўцаў у Расіі: «Праграма тэхнічнага супрацоўніцтва (МС) МАГАТЭ падтрымлівае дзяржавы-члены ў <…> развіцці і кіраванні ядзернымі ведамі». Арганізацыя мусіла паклапаціцца пра тое, каб іранцы не атрымалі ніякіх ведаў пра ядзерную зброю падчас навучання.

Nashaniva.com