Памёр Аляксандр Прудзіла

Беларускага псіхолага і выкладчыка не стала 12 чэрвеня на 68 годзе жыцця.

16.06.2024 / 22:15

Аляксандр Прудзіла. Фота: тэлеграм-канал БСДП

Пра гэта паведаміла ў сваім тэлеграм-канале Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада).

Аляксандр Васілевіч Прудзіла нарадзіўся 8 сакавіка 1956 года ў Гродне. Скончыў у 1978 годзе гісторыка-педагагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы.

У 1980-1981 гадах працаваў старэйшым лабарантам навукова-даследчага сектара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы. У 1981 — 1986 гадах сацыёлагам Гродзенскага завода карданных валаў, у 1986 — 1987 гадах сацыёлагам Гродзенскага завода аўтамагнітол, у 1987 — 1996 гадах галоўным прафкансультантам Гродзенскага гарадскога цэнтра прафесійнай арыентацыі моладзі.

У 1996 — 1999 гадах загадчык курса агульнай псіхалогіі кафедры медыцынскай псіхалогіі і псіхатэрапіі Гродзенскага медыцынскага інстытута. У 2000 — 2002 гадах дацэнт кафедры агульнай і сацыяльнай псіхалогіі, пасля да 2008 года - загадчык курса агульнай псіхалогіі кафедры псіхіятрыі.

З 2009 года займаў пасаду старэйшага выкладчыка кафедры эксперыментальнай і прыкладной псіхалогіі.

Прудзіла аўтар 52 навуковых прац і 13 укараненняў. Займаўся пытаннямі псіхалогіі працы і этнапсіхалогіі. Сярод іх манаграфія «Псіхалагічнае кансультаванне ў прафесійнай арыентацыі» і падручнік для агульнаадукацыйных устаноў «Твая прафесійная кар'ера». 

Захапляўся мастацтвам: ад плакатаў на паперы, да партрэтаў і пейзажаў алейнымі фарбамі на палатне.

Удзельнічаў у грамадскім і палітычным жыцці, з'яўляўся сябрам Гродзенскага грамадскага аб'яднання практычных псіхолагаў, а таксама Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

«Неверагодная папулярнасць Аляксандра Васілевіча сярод студэнтаў прыводзіла шмат каго з іх да доўгага і трывалага сяброўства», — адзначаюць супартыйцы ў некралогу.

Nashaniva.com