«У яе свядомасць шасцігадовай дзяўчынкі». У гомельскай калоніі сядзіць палітзняволеная з аўтызмам
Вольгу Іванчанку прысудзілі да двух гадоў калоніі.
17.06.2024 / 08:37
Гомельская калонія. Ілюстрацыйнае фота, spring96.org
33-гадовую жанчыну асудзілі за каментары і «тэкст з выявай, якія змяшчаюць загадзя лжывыя выдумкі, якія ганяць Аляксандра Лукашэнку, зневажаюць яго гонар і годнасць, накіраваныя на падрыў яго аўтарытэту і фармаванне негатыўнага вобразу» на сваёй старонцы ў «Аднакласніках», паведамляе праект «Палітвязынка».
Вольга — жыхарка Магілёва, у яе разлад аўтычнага спектру. Палітзняволеная Мілана (імя змененае з меркаванняў бяспекі гераіні) сустрэла Вольгу ў калоніі:
«У Волі паводзіны маленькай дзяўчынкі, гадоў шасці, па ёй зразумела, што ў яе ёсць разлад аўтычнага спектру. Яна вельмі сарамлівая, літаральна як дзіця. Воля не можа гаварыць з людзьмі. Зусім.
Калі з ёй больш-менш збліжаешся, яна з чалавекам не гаворыць, а шэпча. Ёй было вельмі цяжка, асабліва на праверках. Калі да яе звярталіся работнікі калоніі, ёй трэба было гучна і выразна назваць свае звесткі. Але яна шаптала ціха. І на яе крычалі, пыталіся, язык ці што яна праглынула.
Адзін раз на пастраенні работніца калоніі стала Волі задаваць пытанні, чаму так адказвае. Мы сказалі, што ў Волі аўтызм. Работніца не паверыла нам і сказала, што з такім дыягназам не садзяць людзей у калонію. На наступны дзень работніцы, мабыць, кіраўніцтва калоніі пацвердзіла дыягназ Волі, і таму яна дазволіла на праверцы ёй проста ківаць».
Экс-палітвязень Дзіма Гопта: Заўжды баяўся ў калоніі, каб мяне не пачалі біць
«Псіхалагічны стан вельмі складаны». З'явіліся навіны пра палітзняволеную Шарэнду-Панасюк
Супраць Вікторыі Кульшы хочуць завесці трэцюю запар крыміналку за «непадпарадкаванне адміністрацыі»