Наколькі імаверныя Трэцяя сусветная вайна і ядзерны ўдар? Ацэнка Фрыдмана

«Як даследчык, я бачу вельмі дрэнныя тэндэнцыі».

17.06.2024 / 12:57

У новым выпуску ТОКу гісторык і аналітык Аляксандр Фрыдман на пытанне, ці бачыць ён у сённяшняй геапалітычнай сітуацыі прыкметы набліжэння да Трэцяй сусветнай вайны, адказаў:

«Як чалавек, я хацеў бы гэтага не бачыць. А як даследчык, я бачу вельмі дрэнныя тэндэнцыі. (…) Мы ідзём менавіта ў гэтым кірунку».

Па словах аналітыка, відавочная рашучасць расійскага боку, рэваншызм, які не ведае межаў. Каб гэта бачыць, трэба проста ўважліва назіраць за тым, што гаворыць Пуцін, якія гістарычныя параўнанні праводзіць.

«Мне падаецца, што Пуцін ментальна знаходзіцца недзе ў 1938 годзе і ўсё больш звяртаецца да 1939-га. Для мяне сітуацыя выглядае наступным чынам. Пуцін вырашыў для сябе, што ёсць толькі дзве магчымасці.

Альбо ён дасягне капітуляцыі Захаду, прынамсі той здасць яму Украіну і, магчыма, выканае і іншыя ўмовы — паступовае вяртанне да таго становішча, якое было ў Еўропе ў 1991 годзе. Калі Пуцін не здолее гэтага дасягнуць мірным шляхам, то я зусім не выключаю, што ён паспрабуе пайсці на агрэсію супраць НАТА», — дзеліцца сваімі назіраннямі Фрыдман.

Ці можа Трэцюю сусветную распачаць Кітай

Калі гаварыць пра магчымасць Трэцяй сусветнай вайны як выніку напружанасці паміж Кітаем і ЗША, то Фрыдман лічыць такі варыянт малаімаверным, бо ў Кітая няма жадання весці вайну.

«Кітай працуе на перспектыву. Яны дакладна для сябе вырашылі (і шмат у чым маюць рацыю), што будучыня гэтай планеты належыць ім. Кітай зацікаўлены ў паступовым развіцці.

Буйны канфлікт з Вашынгтонам у дадзены момант зусім не ў інтарэсах Кітая. Таму ён і паводзіць сябе вельмі асцярожна. Ён падтрымлівае Расію, але вельмі стрымана. Яны жадаюць развівацца.

І калі ў будучыні сапраўды будзе вялікі канфлікт паміж Кітаем і ЗША, то яны жадаюць быць больш моцнымі за той узровень, якога яны дасягнулі на дадзены момант».

@tokbelarus Ці можна перамагчы дыктатуру мірнымі пратэстамі ў 21 стагоддзі? Разважае Фрыдман #политика #беларусь #беларусьновости #новостибеларуси #лукашенко ♬ snowfall (Sped Up) - Øneheart & reidenshi

Расія хоча з лузераў выйсці ў пераможцы

У адрозненне ад Кітая, заўважае Аляксандр Фрыдман, Расія свядома ідзе на канфлікт. «Пуцін жадае вярнуць тое, што было страчана. Пуцін і яго атачэнне — гэта тыя людзі, якія не перапрацавалі траўму 1989—1991 гадоў.

Яны ўспрымаюць гэты час як паразу. Расія (Савецкі Саюз) прайграла. Іх час біялагічна набліжаецца да канца. І вось настаў, з пункту гледжання Пуціна, той момант, калі можна перапісаць гэтую гісторыю. Калі яшчэ можна з пазіцыі лузераў выйсці на пазіцыю пераможцаў».

Ці выкарыстае Расія ядзерную зброю

На магчымасць выкарыстання Расіяй ядзернай зброі, лічыць аналітык, уплывае шэраг фактараў, сярод якіх псіхічны стан і здароўе Пуціна.

«Я магу ўявіць такі сцэнар, калі ён будзе прыціснуты да сцяны. Я цалкам сабе ўяўляю, што гэты чалавек можа аддаць такі загад», —

выказаўся Фрыдман і прапанаваў разважаць лагічна:

«Мы можам сказаць: усё, што яны там гавораць, — прапаганда. Так лягчэй казаць. Але хапае гістарычных прыкладаў, калі розныя палітыкі рэалізоўвалі на практыцы тое, чым яны пагражалі і што з'яўлялася абсалютна неверагодным».

У якасці прыкладу гісторык прыводзіць Германію.

«Калі Адольф Гітлер у 1920-я гады распавядаў пра свае планы, што ён збіраецца ў будучыні зрабіць, калі прыйдзе да ўлады, каго знішчаць і з кім ваяваць, гэта ўсё ўспрымалася як несур'ёзнае, фантастычнае, як блюзнерства. У 1933 годзе ён прыходзіць да ўлады і пачынае метадычна рабіць менавіта тое, што ён абяцаў у 1920-я гады».

Фрыдман заўважае, што ў расійскім выпадку мы маем справу з людзьмі ва ўладзе, якія гавораць пра ядзерную вайну:

«Мы можам сказаць, што гэта толькі пагрозы, гэта няважна. Але, як мне падаецца, так рабіць не трэба. Не трэба іх баяцца, але ўспрымаць сур'ёзна ўсе гэтыя пагрозы патрэбна».

У выпадку ядзернага супрацьстаяння Беларусь стане арэнай вайны.

Глядзіце цалкам:

Пасля выпадку з Назарбаевым Лукашэнку будзе складана здзейсніць транзіт — Фрыдман

Ці можна перамагчы дыктатуру мірнымі пратэстамі ў 21 стагоддзі? Разважае Фрыдман

Чаму правыя займелі поспех на выбарах у Еўрапарламент? І чаго чакаць?

Nashaniva.com