Нетаньяху распусціў ваенны ўрад
Права голасу ў ваенным кабінеце было толькі ў трох чалавек: Нетаньяху, Ганца і міністра абароны Ёава Галанта.
17.06.2024 / 12:25
Біньямін Нетаньяху. Фота: Sean Gallup / Getty Images
Надзвычайны ваенны ўрад Ізраіля, скліканы на час вайны з палесцінскай групоўкай ХАМАС, спыняе існаванне, абвясціў прэм'ер Біньямін Нетаньяху, піша Times of Israel.
«Кабінет быў у кааліцыйным пагадненні з [дэпутатам Кнэсета ад «Нацыянальнага адзінства» Бені] Ганцам па яго просьбе. Як толькі Ганц сышоў — у кабінеце больш няма неабходнасці», — растлумачыў Нетаньяху.
Ён абвясціў міністрам, што прымаў рашэнні, якія не заўсёды былі падтрыманы ваенным камандаваннем, аднак «у нас краіна з арміяй, а не армія з краінай».
Права голасу ў ваенным кабінеце было толькі ў трох чалавек: Нетаньяху, Ганца і міністра абароны Ёава Галанта. Былы начальнік генштаба Арміі абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) Гадзі Айзенкот і міністр па стратэгічных пытаннях Рон Дермер сталі назіральнікамі.
Кабінет быў часткай пагаднення паміж Нетаньяху і Ганцам, якія дамовіліся, што тактычнае кіраванне вайной для аператыўнасці будзе адбывацца менавіта ў гэтым складзе, а не ў пашыраным Кабінеце міністраў, дзе засядаюць каля 50 чалавек.