У Беларусь прыедзе прэм'ер Эсваціні. Дзе гэта?

Эсваціні можа пахваліцца багатым жывёльным светам. Тут водзяцца сінія буйвалы, вінтарогія антылопы, зебры, бегемоты, кракадзілы.

18.06.2024 / 13:42

Wikimedia Commons

Беларусь з візітам наведае прэм'ер-міністр Эсваціні. Пра гэта паведаміў МЗС па выніках сустрэчы пасла ў ПАР Ігара Белага з кіраўніком урада афрыканскага Каралеўства Расэлам Мміса Дламіні.

«Суразмоўцы абмеркавалі рэалізацыю красавіцкіх дамоўленасцяў кіраўніка беларускай дыпмісіі з каралём Эсваціні Мсваці III, а таксама праграму першага ў гісторыі двухбаковых адносін візіту прэм'ер-міністра Эсваціні ў Беларусь», — заявілі ў МЗС.

Беларусь і Эсваціні нядаўна ўстанавілі дыпламатычныя адносіны.

Каралеўства Эсваціні (да 2018 года — Свазіленд) — краіна на поўдні Афрыкі. Мяжуе з ПАР і Мазамбікам. Па тэрыторыі сувымерная з Гродзенскай вобласцю (17 тыс. квадратных кіламетраў), насельніцтва — 1,2 млн.

Эсваціні можа пахваліцца багатым жывёльным светам. Тут водзяцца сінія буйвалы, вінтарогія антылопы, зебры, бегемоты, кракадзілы. Нядаўна аднавілі папуляцыю гепардаў.

ВУП на душу насельніцтва на 2023 год: намінал — 4,6 тыс. даляраў (168-е месца ў свеце). Узровень беспрацоўя — 54 % (у 2022 г.).

У 2018 годзе кароль Мсваці III абвясціў, што Каралеўства Свазіленд перайменавана ў Каралеўства Эсваціні, што адлюстроўвае існуючую назву дзяржавы на мове свазі, у азнаменаванне 50-годдзя незалежнасці. Назва Эсваціні азначае «Зямля свазі» на мове свазі; адной з прычын перайменавання было жаданне прадухіліць блытаніну з падобнай па гучанні на англійскай мове назвай Швейцарыі (Switzerland).

Беларусь знайшла партнёра ў Афрыцы. Гэта манархія, дзе ў караля 15 жонак

Nashaniva.com