Музыканта і стартапера з Добруша судзяць за «садзейнічанне экстрэмізму»

Глебу Дудко пагражае да шасці гадоў калоніі.

19.06.2024 / 17:51

Глеб Дудко. Фота з ягонага інстаграма

Глебу Дудко 35 гадоў, ён родам з Добруша, горада ў Гомельскай вобласці. Пасля школы скончыў Гомельскі каледж мастацтваў, нейкі час працаваў па спецыяльнасці. Грае на піяніна.

Бацька Глеба Алег Дудко — вядомы ў Гомелі оперны спявак і колішні саліст філармоніі.

У 2018-м Глеб разам з праграмістам Максімам Грыневічам запусціў праект ConcertMaster. Ідэя праекта ў тым, каб стварыць праграму, якая б магла аўтаматычна акампаніраваць вакалістам.

Вядома, што ў 2020-м сайт праекта закрыўся, але гомельская кампанія «Канцэртмайстар» працягвае рабіць праект mooz.pro з падобнай тэматыкай.

Таксама Глеб працаваў у кампаніі Brymonsoft на пазіцыі менеджара па прадуктах.

Глеба затрымалі ў сакавіку 2024-га ў Добрушы і прысудзілі яму арышт за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Пасля гэтага мужчыну, імаверна, перавялі ў СІЗА.

Суд над Глебам Дудко пачнецца 26 чэрвеня ў Гомельскім абласным судзе.

Судзіць яго будзе суддзя Мікалай Доля, які прысудзіў пад сотню гадоў розным палітычным актывістам і знаходзіцца пад санкцыямі. Самая гучная справа, якую ён вёў, — суд над Сяргеем Ціханоўскім, Мікалаем Статкевічам, Ігарам Лосікам і іх паплечнікамі.

Суддзя Мікалай Доля. Фота: gp.by

Глеба Дудко вінавацяць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Яму могуць прысудзіць як хімію, так і да шасці гадоў калоніі.

Як чытаць незалежныя СМІ і не падстаўляцца — падрабязны гайд

Айцішніка з-пад Ліды судзяць за «здраду дзяржаве». Ён доўгі час жыў у Германіі, але вярнуўся ў Беларусь

Як пачысціць тэлеграм-боты, каб не засталося ніякіх слядоў ВІДЭА

Nashaniva.com