На беларускіх запраўках з'явяцца кава-прынтары. Што гэта такое?
Кожны зможа «надрукаваць» сваё фота на каве.
19.06.2024 / 12:41
Фота: Neft.by
«Беларуснафта» паставіць на некаторых запраўках кава-прынтары.
Такія апараты дазволяць любому ахвотнаму надрукаваць свой малюнак на кававай пенцы, марозіве, кактэйлі або дэсерце.
Як распавёў начальнік аддзела грамадскага харчавання цэнтральнага апарата «Беларуснафты» Сяргей Кірылюк, машына зможа надрукаваць фатаграфіі наведвальнікаў або лагатыпы.
«Для гэтага выкарыстоўваюцца ядомыя харчовыя фарбы, якія не маюць смаку і паху, а значыць, ніяк не ўплываюць на ўспрыманне напою, не пакідаюць слядоў на вуснах і посудзе, абсалютна бясшкодныя для здароўя. Прычым фота на каве могуць быць як каляровыя, так і манахромныя. Адным словам, мы хочам дамагчыся вау-эфекту. У найбліжэйшы час абсталяванне кітайскай вытворчасці паступіць да нас», — распавёў Кірылюк.
Акрамя таго, на запраўках з'явяцца кітайскія чайныя машыны, якія аўтаматычна заварваюць гарбату. У такіх машынах ёсць бункер для ліставой гарбаты і назапашвальнік вады. Пры націску на кнопку, машына сама заварвае гарбату.
Кірылюк сцвярджае, што такіх машын пакуль няма ніводнай адной з беларускіх заправак.