Беларус-дальнабойшчык у Польшчы пашкодзіў тры машыны. Каб выслухаць абвінавачванне, яму давялося працверазець

Цяпер мужчыну пагражае да трох гадоў турмы.

20.06.2024 / 15:50

Фота: паліцыя Бяла-Падляскі

Беларус-дальнабойшчык быў затрыманы ў Люблінскім ваяводстве Польшчы. 

Днём 17 чэрвеня відавочцы паведамілі пра грузавік Mercedes, які рухаўся па дарозе па дзіўнай траекторыі і пашкодзіў люстэркі дзвюх прыпаркаваных фур. Машына ехала ў бок мяжы з Беларуссю праз Бяла-Падляску і Холу. 

Праз некаторы час паліцыя атрымала яшчэ адзін сігнал пра гэты самы грузавік — відавочцы паскардзіліся на дзіўныя і небяспечныя манеўры. Акрамя таго, у ваколіцах Холы ён пашкодзіў яшчэ адзін прыпаркаваны аўтамабіль, паведамілі ў польскай паліцыі.

Затрымалі кіроўцу ўжо ў чарзе на мяжы па сігнале ягоных калег. Як аказалася, за рулём знаходзіўся 53-гадовы беларус — і ён быў моцна п'яны. У арганізме ў дальнабойшчыка знайшлі больш за 2 праміле алкаголю. 

Беларуса затрымалі, аўтамабіль адправілі на штрафстаянку. Калі мужчына працверазеў, яму выставілі абвінавачванні ў п'яным кіраванні і парушэнні ПДР. Цяпер дальнабойшчыку пагражае да трох гадоў турмы, забарона на кіраванне і вялікі штраф.

Беларускія дальнабойшчыкі скардзяцца на скарачэнне зарплат у Еўропе

34-гадовы дальнабойшчык з Баранавічаў, імаверна, загінуў у Францыі

Беларускі дальнабойнік трапіў у смяротнае ДТЗ у Польшчы

Nashaniva.com