Асудзілі міліцыянта, які ў 2020-м даносіў на пратэстоўцаў. Ён прабіваў людзей па базах МУС і прадаваў звесткі
Сілавік прасіў за гэта тысячы даляраў. «Звяжуся з пацанамі і ўсё даведаюся — гэта ж вагнеры, ФСБшнікі».
21.06.2024 / 08:00
Уладзімір Гелескул. Скрыншот з сюжэта салігорскага тэлебачання
Уладзімір Гелескул служыць у МУС з 1998-га. Да затрымання працаваў у ДАІ, даслужыўся да пасады кіраўніка ўзвода ДПС ДАІ Салігорскага райвыканкама і звання маёра. Праўда, у снежні 2022-га яго панізілі да інспектара.
Акрамя дзяжурных інтэрв'ю дзяржаўным медыя, ён засвяціўся ў базе даносчыкаў. У верасні 2020-га ён некалькі разоў паведаміў у міліцыю пра тое, што на стаянцы каля «Віталюра» на вуліцы Лынькова нанесеныя «антыпалітычныя надпісы» з тэкстам «Саша, ты прайграў, сыходзь». Па справе пачыналі крымінальную справу, але незразумела, чым яна скончылася.
А ў 2022-м ён засвяціўся ў карупцыйным скандале. Бізнэсовец з прозвішчам на Р. прагарэў — даў грошы чалавеку, які мусіў будаваць яму бізнэс у Ірландыі, а той знік. Для таго, каб яго адшукаць, ён праз пасярэднікаў звярнуўся спачатку да нейкіх «прабіўшчыкаў» у Расіі, якія перадалі яму звесткі. Але звестак было недастаткова, каб адшукаць даўжніка.
Р. распавёў пра гэта Гелескулу. Той сказаў, што ёсць у яго чалавек, які можа дапамагчы, але гэта будзе дорага. Чалавек той, маўляў, звязаны з «Вагнерам», Інтэрполам, МУС і ФСБ адначасова. Але справа складаная і дарагая, таму давядзецца заплаціць 7 тысяч даляраў.
Пасля гэтага Гелескул звёў яго са сваім даўнім знаёмым Леанідам Пятрушам, які быў вінен яму грошай. Той граў ролю «сілавіка з сувязямі». Гелескул паспрабаваў пашукаць па беларускіх базах АІС «Пашпарт» і АІС «ДАІ» чалавека, якога запрасіў Р., але яго не існавала.
Уладзімір не здаўся, а сказаў Р., што трэба яшчэ грошы — 3000 даляраў, бо, маўляў, пошук занадта складаны. Пасля атрымання 1500 у якасці задатку ён знайшоў у базах візуальна чымсьці падобнага чалавека па прозвішчы Спісак. Звесткі пра яго, у тым ліку і з базаў ФСЗН, ён перадаў Р. Той пачаў сумнявацца, але вырашыў не рызыкаваць і перадаў Гелескулу яшчэ 1000 даляраў.
Агулам Гелескул атрымаў ад Р. 9500 даляраў. Праўда, ужо ў час следства «маніторынгавым метадам OSINT» высветлілася, што Р. падманулі першапачаткова і інфармацыя, якую яму перадалі «з Расіі», таксама была ліпавай і належала чалавеку па прозвішчы на С.
Уладзімір Гелескул. Фота: starobin.edus.by
Наступным разам развялі ўжо Гелескула — ягоныя калегі, якія атрымалі звесткі пра тое, што Гелескул гандлюе інфармацыяй з міліцэйскіх базаў.
У сакавіку 2023-га яны папрасілі нейкага К. пазнаёміцца з Гелескулам, спасылаючыся на агульнага знаёмага Р., і прапанаваць яму знайсці ўладальніка аўто. Вядома, ён згадзіўся, але сказаў, што гэта вельмі складаная задача, трэба шукаць людзей за мяжой і даваць ім хабар, таму цана пытання — 7000 даляраў.
«Звяжуся з пацанамі і ўсё даведаюся. Хлопцы з Расіі, яны самі працуюць у Інтэрполе, гэта ж вагнеры, гэта ж інтэрполаўцы ўсе, ФСБшнікі», — казаў ён.
І інфармацыю Гелескул сапраўды дастаў. Ён папрасіў Пятрушу праз хрэсніка, які працаваў у ДАІ, паглядзець звесткі пра аўто, імаверна, каб не падстаўляцца самому. Пасля ён перадаў К. фота і асабістыя звесткі ўладальніка аўтамабіля. А 7 красавіка 2023-га яго затрымалі пры перадачы задатку ад К. — 4000 даляраў.
Падобна, што Гелескул прадаваў звесткі працяглы час, але даказаць атрымалася толькі два эпізоды. Па-першае, мяркуючы па судовай пастанове, пад яго даўно капалі. Па-другое, у снежні яго панізілі да звычайнага інспектара. Начальнік Гелескула, Сяргей Прыма, казаў у судзе, што супраць яго праводзіліся службовыя праверкі «ў сувязі з адсутнасцю кантролю над асабовым складам і неналежнымі паводзінамі».
Суд над Гелескулам скончыўся 23 лютага 2024-га. Яго абвінавачвалі па чатырох артыкулах — «Незаконныя дзеянні ў адносінах да персанальных звестак» (ч. 1 арт. 203-1 КК), «Падбухторванне да дачы хабару ў буйным памеры» (ч. 1 арт. 13, ч. 2 арт. 431 КК), «Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі» (ч. 2 арт. 424 КК) і «Махлярства» (ч. 3 арт. 209 КК). Пагражала яму да шасці гадоў турмы.
У выніку прысуд даволі мяккі (PDF). Для Гелескула — тры з паловай гады калоніі са штрафам у 350 базавых, пазбаўленнем права быць прадстаўніком улады на пяць гадоў і пазбаўленне звання маёра. Ягонага падзельніка Леаніда Пятрушу вінавацілі толькі ў махлярстве і незаконных дзеяннях да персанальных звестак — атрымаў ён тры гады і адзін месяц «хіміі» ды 150 базавых штрафу.
За буйны хабар судзяць дырэктара «Мінскрамбуда» і тылавога начальніка з Дэпартамента аховы МУС