Чым сёння займаюцца некалі вядомыя героі ЖЖ? Спойлер: многія так і не закінулі блогерства

Сёння якіх толькі блогераў няма: і ютуб, і тыкток, і інстаграм-аўтары. А ў нулявыя суперпапулярнай платформай сярод беларусаў (і не толькі) быў LiveJournal, у народзе — «ЖЖ». Анлайн-пляцоўка для вядзення дзённікаў, першапачаткова створаная ў ЗША, вельмі зайшла ў рускамоўнай прасторы. Мільёны карыстальнікаў дзяліліся на ёй рэцэптамі, сваімі меркаваннямі на палітычныя і сацыяльныя тэмы, перажываннямі і плёткамі.

30.06.2024 / 07:00

«Наша Ніва» вырашыла згадаць некаторых вядомых ЖЖ-персанажаў нулявых і даведацца, чым яны займаюцца сёння.

У 2015 годзе пісьменніцу Вольгу Грамыку ў некаторых апытанках ставілі на другое месца па пазнавальнасці сярод сучасных беларускіх аўтараў (пасля Уладзіміра Някляева).

Скрыншот: ютуб-канал «БИБЛИО ГЛОБУС»

Грамыка піша ў жанры фэнтэзі. Яе ЖЖ, дзе яна выкладвала часткі твораў і які выкарыстоўвала для піяру сваёй літаратурнай дзейнасці, у 2013 годзе трапіў на першае месца па папулярнасці сярод беларускіх блогаў.

У пачатку гэтага года Грамыка прэзентавала ў Мінску сваю новую кнігу — «Кіберканікулы». На сустрэчу з аўтаркай у сталіцу некаторыя прыхільнікі ехалі ажно з Сахаліна і Масквы. Яна працягвае жыць у Мінску і публікавацца ў расійскіх выдавецтвах.

Жыццёвы блог Наталлі lililoveme некалі ўпэўнена трымаўся ў топ-10 у беларускай прасторы. Былая супрацоўніца IT заснавала і развівала школу кандытарскага майстэрства. У ЖЖ публікавала рэцэпты, уражанні з вандровак — гэткі лайфстайл.

Фота: @lililoveme

Сям’я пераехала з Мінска ў Варшаву ў 2016-м. Там Наталля разам з мужам Дзмітрыем працягнула развіваць кандытарскую анлайн-школу. Напісанае Наталляй раней выпусцілі ў фармаце кніжак і на гэтым з кнігавыдавецтвам не завязалі. Сёння гэта адзін з накірункаў дзейнасці мужа Наталлі. Так, Зміцер выпусціў азбуку «ABC for multilinguals».

Наталля з мужам. Фота: @lililoveme

Сама Наталля актыўна развівае інстаграм, публікуе гумарныя рылсы. Сярод галоўных герояў відэа — яе кот і дачка Ева. На сёння там амаль 60 тысяч падпісантаў.

View this post on Instagram

A post shared by Натали (@lililoveme)

«Я піяр-спецыялістка, вандроўніца і мораголік», — прэзентавала сябе ў ЖЖ Алена Стогава. Агляды рэстаранаў, модных рэчаў, замалёўкі з паездак і трансляванне свецкага жыцця былі досыць папулярнымі і прывялі да таго, што яе ЖЖ аднойчы пераехаў на ўласны сайт. Праўда, з 2021 года ён не абнаўляецца.

Фота: @elena.stogova

Цяпер Стогава жыве ў Манака — спачатку яна актыўна транслявала сваё жыццё ў інстаграме, але з 2023-га года ціха і там.

А вось інстаграм піяр-спецыялісткі Таццяны Курбат жыве. Яна таксама пераехала на гэтую пляцоўку пасля перыяду ЖЖ і ўласнага сайта.

Фота: @kurbatishka

Livejournal «Нічога лішняга» быў пра здаровае, актыўнае жыццё, прыгажосць і шчасце. Сёння Таццяна жыве ў Вільні, працягвае займацца піярам і дзеліцца сваімі думкамі на самыя розныя тэмы.

View this post on Instagram

A post shared by Татьяна Курбат • Личный бренд и PR (@kurbatishka)

Падобнай тэматыкі быў і папулярны некалі ЖЖ Юліі Новік, але ён яшчэ ўключаў расповеды пра мацярынства.

Фота: @julesnovik

Разам з мужам дзяўчына заснавала оптыку LOOK — сёння гэта цэлая сетка мульцібрэндавых салонаў.

Пасля спаду папулярнасці ЖЖ Юлія таксама перамясцілася ў інстаграм — на яе падпісаныя больш 120 тысяч чалавек, якім яна расказвае пра «дом, інтэр’ер, сям’ю, ежу».

View this post on Instagram

A post shared by Юлия Новик • дом • интерьер • семья • рецепты (@julesnovik)

Здаецца, калі б Ася Паплаўская працягвала актыўна весці блог апошнія гады свайго жыцця, то ён бы меў шалёную папулярнасць, бо яе ладна паматала. Але дзеля навіцыяту (перыяд паслушніцтва і выпрабавання перад уступленнем у манаскі ордэн) Ася амаль на пяць гадоў адмовілася ад сацсетак і сдавала справаздачу толькі Богу.

Фота: @u_boga_ja

Цяпер яна паціху выходзіць у анлайн і расказвае пра перажытае ў інстаграме.

View this post on Instagram

A post shared by Ася Поплавская (@u_boga_ja)

Ася сама дзівіцца: як экс-журналістка і блогерка наважылася на такое? І сапраўды яе сённяшняе размеранае жыццё ў польскім кляштары моцна адрозніваецца ад ранейшых паездак па Еўропе, паходаў па кафэ і выставах, пра якія яна пісала ў ЖЖ.

Адзін з пачынальнікаў менавіта беларускамоўнага ЖЖ Іван Марозаў правёў за кратамі амаль паўтара года за ўдзел у пратэстах. На пляцоўцы ён быў вядомы пад нікам hondurazian. Пісаў пра культуру, вандроўкі, літаратуру.

Іван Марозаў. Фота з фэйсбука.

Падобны лёс напаткаў некалі актыўнага ў ЖЖ палітолага Аляксандра Фядуту — ён быў асуджаны на 10 гадоў зняволення па артыкуле 357 Крымінальнага кодэкса — змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам.

А такія экс-ЖЖшнікі, як, напрыклад Антон Матолька, што дзяліўся там сваімі фотаздымкамі і рэпартажамі, пачынаючы з 2006 года, ці эканаміст Сяргей Чалы цяпер у вымушанай эміграцыі. Апошні допіс у ЖЖ Сяргея датуецца 2014 годам і прысвечаны Крыму.

Галоўным плюсам ЖЖ была наватарская для свайго часу разнастайнасць жанраў. Можна было знайсці блог для душы амаль любой тэматыкі. Напрыклад, блог лекара-патолагаанатама Андрэя Падольскага карыстаўся шалёнай папулярнасцю.

На пляцоўцы хапала цікавых гістарычных праектаў. Адзін з вядомых — ад Максіма Міровіча, працягвае жыць дагэтуль, толькі ўжо па новых адрасах.

Максім Міровіч. Фота з фэйсбука.

Напрыклад, у тэлеграме на канал MirovichMedia падпісана амаль 100 тысяч чалавек. Галоўная тэма там — СССР і яго наступствы, гісторыя і палітыка. А пасля вайны ва Украіне — падрабязная храналогія і аналітыка расійскай агрэсіі.

ЖЖ-скандалы

Асобна варта спыніцца на скандальных героях, якіх актыўна абмяркоўвалі ўсім ЖЖ. Ільвіную долю ўвагі тут у свой час адхапіла Ірына Кабасакал. У мінулым — рэдактарка глянцавага часопіса «Пінгвін».

Ірына Кабасакал (Яблонская). Фота з фэйсбука.

Адзін з самых нашумелых артыкулаў яе аўтарства — пра бажэственнага Зураба. У заказным матэрыяле Кабасакал так распісала якасці мужчыны, што той пасля выхаду часопіса прачнуўся знакамітым.

«Бажэственны Зураб. Бажэственны — менавіта так ахрысцілі яго тата-азербайджанец і мама-беларуска. І хоць імя яго па паходжанні грузінскае, таму што бабуля яго была грузінкай, гэта толькі дадае разыначку яго знешнасці і характару. Зураб… Незвычайны, шчыры, яркі, эпатажны, моцны, высакародны — можна да бясконцасці пералічваць усе яго мужчынскія якасці. Ён проста любіць добрыя аўтамабілі, і яны яму пасуюць! Ён малады і амбіцыйны. Ён любіць усё самае лепшае — найлепшыя курорты, найлепшыя клубы і рэстараны, адпачывае заўсёды толькі ў найлепшых гатэлях, ён п'е толькі найлепшае шампанскае…»

Кабасакал з Зурабам.

Пазней Зураб Аруджаў выбраў жыць больш сціплым і ціхім жыццём, займаўся бізнэсам і нібыта са шкадаваннем згадваў тую піяр-кампанію.

Яшчэ адзін знакаміты опус майстрыцы піяру Кабасакал быў прысвечаны «святой грэшніцы Ірыне Рак».

Ірына Рак. Фота: irak3333

Вось толькі адна цытата з таго артыкула: «Аднойчы яна займалася сэксам у адным з еўрапейскіх клубаў проста на танцпляцоўцы. Гэта штучка памяшаная на сэксе, а ён на ёй…. Яна гэтым і бярэ мужчыну за тыя патаемныя шарыкі, якія ён так асцярожна ахоўвае ў сваіх нагавіцах. Дачка лекара і ў мінулым балерына Вялікага тэатра оперы і балета атрымала выхаванне, адукацыю і, самае галоўнае, расцяжку — усё, што патрэбна для спакушэння разумнай паловы чалавецтва».

Сёння тая самая Ірына Рак жыве ў Дубаі і працуе фітнэс-трэнеркай.

View this post on Instagram

A post shared by | (@irak3333)

Ірына Кабасакал, якая ўзяла прозвішча мужа і стала Яблонскай, таксама пераключылася на здароўе: цяпер яна — дыетолаг, які дапамагае людзям худзець і здаравець.

Дадаваў ЖЖ-супольнасці тэмаў на абмеркаванне Жан Содзель — журналіст-камуніст і даносчык, пра якога мы нядаўна падрабязна пісалі. Як паказваюць архівы, з тых часоў амаль нічога не змянілася. Толькі калі раней у бедах Беларусі Содзель вінаваціў Расію і Захад, то цяпер толькі апошні.

Але самым абмеркаваным тады быў працэс з жаданнем Содзеля засудзіць таго, хто назваў яго ў інтэрнэце «галубым». «Чалавек я адкрыты, чысты натурал і гэта ніколі ні ад каго не хаваў. У мяне было 16 дзяўчат. Кожная з іх упэўненая ў маёй арыентацыі на 100%», — стараўся данесці праўду да інтэрнэт-супольнасці блогер.

Яшчэ адзін герой ЖЖ — Аляксей Акімаў працягвае жыць насычана па сёння.

Аляксей Акімаў. Фота: УКантакце

Раней ён здзіўляў грамадскасць тым, што то рэкламу сваіх паслуг надрукуе на тагачасных 50 мільёнах рублёў, то пакліча ўсіх ахвотных да сябе на катэдж.

Аляксей, які пазіцыянуе сябе як аператар і прадзюсар, і сёння працягвае правакаваць — ён часты госць дзіўных скандальных шоу. У адным з іх ён паспеў расказаць, што носіць адну кашулю вось ужо 10 гадоў — у ёй ён спіць, есць і займаецца сэксам.

Яшчэ ў адным роліку мужчына дзяліўся досведам валодання гарэмам — расказваў, як яму жывецца адразу з некалькімі жанчынамі.

А вы каго чыталі ў ЖЖ?

Блогеры пабудавалі вялікі і вельмі дарагі дом пад Мінскам, пражылі там усяго год і прадалі яго — здагадайцеся чаму

Вядомы блогер расказаў, як за паўгода займеў зайздросныя кубікі на прэсе. Фоты «да» і «пасля» ўражваюць

Чым цяпер займаюцца блогеры-ябацькі, якія праславіліся ў 2020-м

Nashaniva.com