Колькі заходніх грошай асвоіў бацька Наталлі Пяткевіч?

Беларускія чыноўнікі любяць закляйміць тых, хто атрымлівае дапамогу з Еўропу альбо ЗША. Аднак, выявілася, што тэма грантаў можа быць блізкай і сям’і намесніцы кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Наталлі Пяткевіч. Піша «Беларускі партызан».

01.02.2010 / 22:01

Беларускія чыноўнікі любяць закляйміць тых, хто атрымлівае дапамогу з Еўропы альбо ЗША. Аднак, выявілася, што тэма грантаў можа быць блізкай і сям’і намесніцы кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Наталлі Пяткевіч.

Прапагандысцкія матэрыялы пра тое, як заходнія грошы разыходзяцца па кішэнях апазіцыйных партый і непадкантрольнага дзяржаве грамадскага сектара, рыхтуюцца з месяца ў месяц, выклікаюць рэзананс, зайздрасць, нянавісць, крыўду… Карацей, клубок супярэчлівых эмоцыяў. На дзіўныя супадзенні звярнула ўвагу журналіст Святлана Калінкіна.

— Мы нават не ўяўляем ступені напору, з якой дзяржаўныя дзеячы выбіваюць гэтыя самыя заходнія гранты, — піша яна ў сваім блогу. — Памятаеце, колькі разоў Наталля Пяткевіч прарывалася праз візавую блакаду ЗША на трыбуну ААН, каб распавесці пра праблемы гандлю людзьмі, выказаць заклапочанасць уціскам правоў жанчын у свеце (але не ў Беларусі, канечне), выказаць сваё бачанне праблем уцекачоў, міграцыі, пакрыўджаных і абяздоленых.

Канечне, яна была пачутая. Але ёсць такая асаблівасць у гэтых заходнікаў,

што яны не працуюць толькі з дзяржаўнымі структурамі.

Пад праект ім патрэбны пэўны «афіцыйна‑грамадскі» пул. У ААНаўскія пулы вельмі часта ўваходзіць нейкая арганізацыя ГА «Беларускі рух медыцынскіх работнікаў».

Фактычна гэты незаўважны для шырокага вока рух з’яўляецца галоўным партнёрам Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў і каардынатарам па супрацоўніцтве Камісарыята з іншымі беларускімі грамадскімі арганізацыямі. Пры арганізацыі нават працуе Служба па кансультацыі ўцекачоў. Пры гэтым плыні ўцекачоў у Беларусь няма.

Па стане на 1 снежня 2009 году іх было 817 чалавек.
Па стане на 1 снежня 2008 году — 802 чалавекі.
Па стане на 1 снежня 2007 году — 800 чалавек.
Па стане на 1 снежня 2006 году — 796 чалавек.

То бок за чатыры гады набраўся 21 чалавек — у сярэднім 5 чалавек у год. Прычым я вельмі падазраю, што гэта проста дзеці нараджаюцца ў сем’ях тых, хто даўно зарэгістраваны ўцекачамі. Але праца ж якая кіпіць! Гэта вам не 5‑10 тысяч даляраў апазіцыі. Мільённыя гранты!

Напрыклад, ёсць праект на 2 мільёны даляраў. Называецца праект «Умацаванне нацыянальнай сістэмы прытулку Рэспублікі Беларусь». Разлічаны на тэрмін з 2007 па 2010 год. Галоўная арганізацыя атрымання замежных грантаў — МУС Беларусі. Але дапамогу таксама атрымліваюць па спісе:

Грошы дае ААН і Еўрапейская камісія. Грошы не малыя. Задачы ў праекце прапісаныя салідныя, напрыклад: пошук для ўцекачоў доўгатэрміновых рашэнняў (дапамога ў інтэграцыі, рэпатрыяцыі, перасяленні ў трэція краіны); аказанне прававой і сацыяльнай дапамогі асобам, што шукаюць прытулку і ўцекачам. Вось на 23 чалавекі працуюць, выдаткоўваючы мільёны чужых даляраў, беларускія чыноўнікі.

Падрабязнасці паглядзіце на афіцыйным сайце ўраду. Прычым звярніце ўвагу, што на прафесійную падрыхтоўку ўцекачоў на базе нашых сярэдніх і вышэйшых навучальных установаў сродкаў прадугледжана ў 10 раз меней, чым на аказанне ім прававой дапамогі.

Правядзенне стажыровак, трэнінгаў, азнаямляльных паездак беларускіх спецыялістаў патрабуе грошай амаль у 6 разоў болей, чым навучанне ўцекачоў рускай мове.

Альбо яшчэ адзін праект. У Мінску адбылося падпісанне дакументаў па рэалізацыі праекту ЕЗ‑УВКУ ААН «Павышэнне эфектыўнасці падзелу і працы з міграцыйнымі плынямі на Дзяржаўнай мяжы і ўнутры Рэспублікі Беларусь — фаза II». Гэты праект рэалізуецца Дзяржаўным памежным камітэтам і Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь пры ўдзеле ГА «Беларускі рух медыцынскіх работнікаў» і МГА «Развіццё» (гэта правапераемнік Цэнтра па вывучэнні ААН), а таксама Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа. Донарамі праекта, бюджэт каторага складае 888 тыс. еўра, выступаюць Еўрапейская Камісія, Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў і Міжнародная арганізацыя па міграцыі.

Кіраўнік гэтага самага ўсюдыіснага ГА «Беларускі рух медыцынскіх работнікаў», праблемы якога замежнікаў хвалююць значна болей, чым праблемы ўласна беларусаў, — вядомы ў Мінску лекар‑стаматолаг Уладзімір Акімавіч Краўчанка.

Па «дзіўным» супадзенні ён жа —

тата галоўнага ідэалагічнага барацьбіта з «грантасмокамі» Наталлі Уладзіміраўны Пяткевіч.

Электронны даведнік беларускіх NGO да гэтага часу выдае, што арганізацыя зарэгістравана па адрасе г.Мінск, вул. Прытыцкага, 46. І ўсё па тым жа «дзіўным» збегу абставін дакладна такі самы адрас у стаматалагічнай паліклінікі №7, якой кіруе Уладзімір Краўчанка.

«Так сталася, што літаральна ў суседнім доме ад паліклінікі ў мяне ўжо гадоў дзесяць жыве лепшы сябар. На пытанне, ці бачыў ён калі‑небудзь тут натоўпы ўцекачоў, ён вельмі здзівіўся: «Ты што, з дуба ляснулася?..» Можа, арганізацыю «перасялілі», а можа 5 уцекачоў з «штогадовай прыбылі» проста згубіліся ў натоўпе — не ведаю», — здзіўляецца Святлана Калінкіна.

Дарэчы, апроч уцекачоў ТАА Уладзіміра Краўчанкі таксама займаецца пытаннямі ўсынаўлення беларускіх дзяцей‑сіротаў. А гэта, як вядома, наагул вельмі прыбытковы бізнес. Праўда, часта — на мяжы закону.

Канечне, браць грошы на добрыя мэты — нічога кепскага ў гэтым няма, але чамусці ў Беларусі адным можна, а іншыя за гэта прыраўніваюцца да ворагаў народу.