Ігара Карнея этапавалі ў шклоўскую калонію

Папраўчая калонія №17 прызначаная для людзей, якія ўпершыню адбываюць прысуд зняволеннем.

27.06.2024 / 13:06

Ігар Карней. Фота: Радыё Свабода

Журналіст Ігар Карней, асуджаны за прафесійную дзейнасць да да трох гадоў пазбаўлення волі, этапаваны туды прыблізна 20 чэрвеня. Зараз яго змясцілі ў каранціннае аддзяленне і цягам месяца размяркуюць у адзін з атрадаў, піша БАЖ.

Ігар Карней доўгі час працаваў журналістам на Радыё Свабода, вядомы як эсэіст, аўтар тэкстаў пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі, трэвэл-блогер.

Ён быў затрыманы 17 ліпеня 2023 года, дома ў журналіста быў праведзены ператрус. Напачатку ён быў арыштаваны на 10 сутак, меркавана за падпіскі «на экстрэмісцкія» каналы. Затым супраць Ігара завялі крымінальную справу. Яго абвінавацілі ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні» паводле ч. 3 арт. 361-1 КК. 

У Мінскім гарадскім судзе 22 сакавіка 2024 года быў вынесены прысуд. Суддзя Сяргей Кацар прызначыў Ігару Карнею тры гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму і штраф 20 тысяч рублёў.

Сям'я Ігара пакінула Беларусь.

Nashaniva.com