«Мы вельмі гэтага хочам, мы настойваем» — прэс-сакратарка Лукашэнкі расказала, ці пойдзе той на наступныя выбары
«Нас мільёны», — кажа Наталля Эйсмант.
28.06.2024 / 12:25
Лукашэнка выступае перад сваімі прыхільнікамі 16 жніўня 2020 года. Фота: Наша Ніва
Вядоўцы праграмы «Скажынемаўчы» пацікавіліся ў Наталлі Эйсмант, ці можна ўспрымаць заяву Лукашэнкі, як намер узяць удзел у наступнай выбарчай кампаніі. «А яна ўжо прагучала?» — усміхнулася Наталля Эйсмант.
«Некаторыя выданні інтэрпрэтуюць, што яна прагучала. Іншыя выданні так не інтэрпрэтуюць. Таму пытаемся асабіста ў вас», — адказалі вядоўцы.
У лютым Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Пайду, пайду, пайду. Перадайце ім, што пайду! І чым складаней будзе абстаноўка, чым больш актыўна яны будуць бударажыць наша грамадства і вас у тым ліку (для мяне, паверце, гэта вельмі важна — ніводны чалавек, адказны прэзідэнт не кіне сваіх людзей, якія за ім ішлі ў бой), чым яны будуць больш напружваць вас, мяне і грамадства, тым хутчэй я пайду на гэтыя выбары. Вы не хвалюйцеся, мы зробім так, як гэта трэба для Беларусі», — заявіў ён.
Наталля Эйсмант патлумачыла, што многія пасля гэтага, магчыма, сталі выдаваць жаданае за сапраўднае.
«Я на гэтае пытанне адкажу так: мы вельмі гэтага хочам. Больш за тое, скажу нават дзесьці рэзка, мы настойваем, каб было так. Мы — гэта ў шырокім сэнсе гэтага слова. Гэта, вядома, не толькі тыя, хто працуе з Лукашэнкам, не толькі вы ўсе, журналісты, усе нашы людзі.
Нас мільёны, гэта праўда. Мы настойваем. Але рашэнне, натуральна, за прэзідэнтам. І ён, як гэта заўсёды ў нас бывае, у патрэбны момант, калі гэта рашэнне прыме і калі палічыць патрэбным, сам пра гэта скажа», — сказала прэс-сакратар.
10 ліпеня 2024 года будзе роўна 30 гадоў, як Лукашэнку абралі прэзідэнтам (20 ліпеня 1994 года ён уступіў на пасаду). У 2025 годзе будуць сёмыя для яго выбары
Эйсмант адрэагавала на публікацыі пра сваю маёмасць: Мы ў іх выйгралі б любы суд
Наталля Эйсмант сабралася пісаць кнігу: Мы павінны пакінуць праўду, бо нашы ворагі таксама напішуць
Чаму Лукашэнка столькі гадоў трымае прэс-сакратаркай Наталлю Эйсмант?
Прэс-сакратарка Лукашэнкі носіць гадзіннік за 20 тысяч еўра
Прапаганда спрабуе адмыць Наталлю Эйсмант: кажуць, што яе «Ролекс» каштуе $100
Якія газеты Эйсмант дае чытаць Лукашэнку