Беларускія банкі папярэдзілі, што з 1 ліпеня перастануць працягваць тэрміны плацежных картак

У прэс-службе Сбербанка паведамілі, што з 1 ліпеня 2024 года не будуць працягваць тэрмін дзеяння некаторых плацежных картак. Аналагічную меру паабяцалі ўвесці і ў Альфа-Банку з 15 ліпеня. Гаворка ідзе пра рахункі тых беларусаў, у каго на працягу апошніх 6 месяцаў адсутнічалі якія-небудзь аперацыі, а таксама пра тыя карткі, у якіх скончыўся тэрмін дзеяння.

01.07.2024 / 16:38

У прэс-службе Сбербанка падкрэслілі: калі тэрмін дзеяння аплатнай карткі заканчваецца ў перыяд пасля 30 чэрвеня, а таксама ў выпадку, калі на працягу апошніх 6 месяцаў па ёй не праводзіліся якія-небудзь транзакцыі (пакупкі, аплата паслуг, залічэнне заробку, пераводы і г.д.), то з 1 ліпеня яна стане несапраўднай. Таксама банк больш не будзе аўтаматычна працягваць карткі ў замежнай валюце, у якіх тэрмін скончыўся 30 чэрвеня і пазней.

У сваю чаргу ў Альфа-банку паведамілі, што з 15 чэрвеня закрыюць банкаўскія рахункі фізічных асоб і ІП, калі на рахунак не паступалі сродкі на працягу 6 месяцаў з моманту апошняга залічэння. Акрамя таго, падставай для закрыцця «спячых» картак стане адсутнасць якіх-небудзь аперацый пры ўмове, што астатак на рахунку на момант закрыцця складае адну базавую велічыню (40 рублёў) або менш.

Раней пасля ўвядзення заходніх санкцый у банках Расіі, а затым і Беларусі пачаліся праблемы з пастаўкамі чыпаў для плацежных картак. У маі 2022 года некалькі беларускіх банкаў працягнулі працу картак Visa і Mastercard на некалькі гадоў якраз па гэтай прычыне. З-за санкцый многія пастаўшчыкі не наважваліся прадаваць дэталі ў Расію і Беларусь. Акрамя гэтага, іх было складана аплаціць і даставіць.

Менавіта таму некаторыя беларускія банкі вырашылі не перавыпускаць карткі, а працягнуць тэрмін іх дзеяння. Напрыклад, Прыёрбанк гэта зрабіў на год, а Белінвестбанк — адразу на тры. 

Камітэт дзяржкантролю пачаў праверку буйнога банка

У Генпракуратуры прапануюць банкам увесці «астуджальны» перыяд для крэдытаў

Мінчук думаў, што ратуе грошы, а страціў амаль 200 тысяч рублёў. Як так выйшла?

Nashaniva.com