На польска-беларускай мяжы памёр дальнабойшчык
Велізарныя чэргі на мяжы не спрыяюць добраму самаадчуванню кіроўцаў. Кіроўца грузавіка страціў прытомнасць у Малашэвічах на польска-беларускай мяжы.
04.07.2024 / 13:41
Ілюстрацыйнае фота
Брыгада хуткай дапамогі канстатавала смерць мужчыны, паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на Dziennik Wschodni.
Трагічнае здарэнне адбылося раніцай 3 ліпеня каля рэспубліканскай дарогі № 2. Тут і стаіць чарга грузавікоў, якія чакаюць мытнага афармлення на тэрмінале ў Карошчыне.
«65-гадовы мужчына знепрытомнеў, выйшаўшы з кабіны грузавіка. Да прыезду брыгады хуткай дапамогі мужчына не мог апрытомнець. І яна прызнала яго мёртвым» — паведаміла памочніца камісара Барбара Сальчыньска-Пырхля, прэс-сакратарка паліцыі Белай Падляскай.
65-гадовы мужчына быў грамадзянінам Польшчы. На рашэнне пракуратуры цела кіроўцы забралі для ўскрыцця.
На гэты момант Карошчын — адзіны дзейны польска-беларускі пераход для транзітнага руху.