«Гэта сапраўдная сенсацыя». Пры раскопках на Менцы знайшлі зааморфную фігуру, якой 1000 гадоў
5.07.2024 / 22:27
Цяпер ідзе кансервацыя драўляных клецяў, знойдзеных на раскопках гарадзішча на Менцы, расказаў расійскаму выданню Sputnik загадчык аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі НАН Андрэй Вайцяховіч.
Фота: Інстытут гісторыі НАНБ
Усе драўляныя канструкцыі, якія знаходзіліся ў аснове вала гарадзішча на Менцы і прызначаныя для кансервацыі, дастаўленыя на вытворчую базу гомельскага прадпрыемства «Транс-цэнтр».
Па словах навукоўца, спецыялісты па кансервацыі дрэва прасілі не мыць драўляныя канструкцыі перад адпраўкай, каб захаваць іх у цэласнасці.
«Сёння спецыялісты ў Гомелі пачалі адмываць часткі драўляных клецяў і выявілі зааморфную фігуру — гэта можа быць цмок або іншая жывёла, у якой ёсць дзюба», — расказаў Андрэй Вайцяховіч.
Пры гэтым ён удакладніў, што тысячу гадоў таму, калі ўзводзіўся вал гарадзішча на Менцы, гэтая фігура была засыпаная зямлёй разам з клецямі і не была бачная людзям.
Археолаг звярнуў увагу, што гэта спецыяльная частка канструкцыі, якая як крук падпірала знешнюю сцяну клецяў. Такіх драўляных частак было вынята некалькі.
Фота: Інстытут гісторыі НАНБ
У адказ на пытанне, навошта чалавек тысячу гадоў таму мог так старанна ўпрыгожваць разьбяным дэкорам бервяно, якое ніхто не ўбачыць, гісторык выказаў здагадку, што гэта магло быць звязана з паганскім уяўленнем пра свет ці гэта была частка традыцыйнага дэкору.
Акрамя таго, ён звярнуў асаблівую ўвагу, што драўляныя зааморфныя фігуры, якім больш за тысячу гадоў, падобнай захаванасці ў нашым рэгіёне наўрад ці можна знайсці.
«Гэта сапраўдная сенсацыя», — рэзюмаваў Андрэй Вайцяховіч.