Новым прэзідэнтам Ірана стаў рэфарміст Масуд Пезешкіян
Апазіцыя заклікала байкатаваць выбары, называючы іх цыркам.
06.07.2024 / 07:47
Масуд Пезешкіян. Фота: Vahid Salemi / AP
У другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Іране перамог рэфарміст Масуд Пезешкіян, паведамляе Расійская служба Радыё Свабода.
Больш ліберальны Пезешкіян атрымаў больш за 30,5 мільёнаў галасоў, яго супернік — прыхільнік строгай лініі Саід Джалілі — больш за 13,5 мільёнаў.
У першым туры, які прайшоў тыдзень таму, перавага Пезешкіяна складала менш за мільён галасоў. Жанчынам і радыкальным апазіцыянерам балатавацца забаронена.
У гісторыі Ірана другі тур прэзідэнцкіх выбараў здараўся ўсяго раз — у 2005 годзе. Права галасаваць на прэзідэнцкіх выбарах мелі больш за 61 мільён іранцаў. На ўчасткі ў пятніцу, 5 ліпеня, прыйшла толькі палова з іх.
Агенцтва Mehr адзначае, што галасаванне працягвалася на шэсць гадзін даўжэй, чым прадугледжаны Канстытуцыяй 10-гадзінны перыяд галасавання.
Апазіцыя заклікала байкатаваць выбары, называючы іх цыркам. У апошнія тыдні іранцы шырока выкарыстоўвалі хэштэг #ElectionCircus у сацсетках.
Пазачарговыя выбары былі прызначаныя пасля гібелі ў авіякатастрофе прэзідэнта Ірана Ібрахіма Раісі ў маі 2024 года.
Прэзідэнт у Іране з'яўляецца кіраўніком урада з вельмі абмежаванымі паўнамоцтвамі, але ён усё ж такі можа ўплываць на тон адносін з заходнімі краінамі.
У другім туры выбараў у Іране супрацьстаяць адзін аднаму будуць рэфарміст і кансерватар
Вярхоўны суд Ірана адмяніў смяротны прысуд папулярнаму рэперу, які падтрымаў пратэсты