«Лайкаў допісы з Пуціным». Украінскі НАК супраць удзелу ў Алімпіядзе беларускага чэмпіёна Токіа-2021 Івана Літвіновіча

А таксама яшчэ чатырох атлетаў з Беларусі.

06.07.2024 / 13:40

Іван Літвіновіч. Фота: sportedu.by

Ва ўкраінскім алімпійскім ведамстве знайшлі доказы дачынення шэрагу беларускіх алімпійцаў, чый выступ МАК ухваліў у нейтральнай якасці, да сілавых структур Беларусі, або сведчанні падтрымкі ўлады па ўкраінскім пытанні.

НАК Украіны афіцыйна звярнуўся да МАКа не дапускаць да ўдзелу ў Алімпіядзе батутыста Івана Літвіновіча, які быў адзіным беларускім залатым медалістам у 2021-м, бронзавага прызёра ЧС-2024 Анастасію Шкурдай, а таксама тхэквандыста Георгія Гурцыева, стралка Дар'ю Чупрыс і веласіпедыстку Ганну Церах.

Напрыклад, Івану Літвіновічу закідваюць заклікі беларусаў галасаваць на рэферэндуме 27 лютага 2022 года, удзел у прапагандысцкім мерапрыемстве разам з Віктарам Лукашэнкам — прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі, а таксама тое, што лайкаў допісы з Пуціным і праўладнай лёгкаатлеткай Мірончык-Івановай. 

Плыўчысе Анастасіі Шкурдай закідаюць удзел у мерапрыемстве са старшынёй Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Юрыем Шулейкам.

Дар'я Чупрыс з'яўляецца членам спартыўнага камітэта Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь і з'яўляецца таксама, паводле ўкраінскага НАК, вайскоўцам і любіць фатаграфавацца з беларускімі вайскоўцамі.

Раней паведамлялася, што Міжнародны алімпійскі камітэт накіраваў запрашэнні 23 беларускім спартсменам. Сямёра з іх — пяцёра байцоў і тэнісісткі Вікторыя Азаранка і Арына Сабаленка — адмовіліся ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях.

Алімпіяда пройдзе ў Парыжы з 26 ліпеня па 11 жніўня.

Вікторыя Азаранка таксама не будзе ўдзельнічаць у Алімпіядзе

Арына Сабаленка афіцыйна адхіліла запрашэнне МАК на Алімпіяду-2024 у Парыжы

Колькі беларускіх спартоўцаў на сёння заяўленыя на Алімпіяду? Вельмі мала

Nashaniva.com