Мілінкевіч: Кепска, што Ціханоўская не разумела, чый Крым. Але яна прайшла эвалюцыю
Сваім меркаваннем адносна лідаркі беларускай дэмакратычнай апазіцыі Аляксандр Мілінкевіч падзяліўся ў новым выпуску ТОКу.
07.07.2024 / 09:04
Фота: Офіс Ціханоўская
У размове Мілінкевічу нагадалі, што ён назваў адной з асноўных памылак Святланы Ціханоўскай тое, што яна не адразу заявіла, што Крым — украінскі, і папрасілі патлумачыць, што, на яго меркаванне, Святлана Ціханоўская рабіла не так, як яе папярэднікі.
«Я не закідваю ёй гэта як памылку. Я лічу, што яна, як думала, так і гаварыла. Так думала і большасць беларусаў. (…) Яна гаварыла натуральна. Яна баялася сказаць пра Крым, таму што большасць беларусаў не ведалі, што Крым жалезна ўкраінскі», — патлумачыў Мілінкевіч і дадаў:
«Я скажу ўвогуле крамольную думку. Калі б тады на чале гэтага фантастычнага, прыгожага пратэсту, які нечакана нарадзіў беларускую нацыю, быў дэмакрат старой гвардыі, умоўны я ці іншы, мы б не аб'ядналі так людзей, як Ціханоўская».
Мілінкевіч прапанаваў згадаць, што людзі тлумачылі сваё жаданне галасаваць за Ціханоўскую тым, што «яна такая, як мы».
«Яна была ў трэндзе агульнай палітычнай пазіцыі людзей. Гэта кепска, што яна не разумела [чый Крым], але добра ў сэнсе аб'яднання», — адзначыў палітык.
Мілінкевіч лічыць, што Святлана Ціханоўская як асоба і палітык прайшла «фантастычную эвалюцыю».
«Яна ўмее вучыцца. Яна навучылася. Сёння гэта зусім іншы чалавек. І па-іншаму думае і гаворыць. Але яна прайшла гэты час разам з большасцю людзей. І большасць цяпер разумее, што Масква не такая харошая. (…) Людзі разумнеюць, і яна таксама вучыцца», —
адзначае палітык і дадае, што ён не адразу гэта зразумеў, яму хацелася, каб Ціханоўская «адразу была такая, як мы. Гэта ж так проста пра Крым сказаць ці пра расійскую імперскасць».
«Але яна прайшла [эвалюцыю] і ўпершыню беларусы маюць легітымнага чалавека, які мае права гаварыць ад імя ўсіх беларусаў. У нас такога ніколі не было.
Адзіным чалавекам, які меў права гаварыць ад імя ўсіх беларусаў, быў Лукашэнка. Ён выйграў выбары тады [у 1994 годзе]. Ён стаў дыктатарам абсалютным. Пабудаваў таталітарнае грамадства. І кажа, што ён сталініст. Ён ім і ёсць. Вось ён туды пайшоў. А народ туды не пайшоў.
А яна пайшла ў дэмакратыю, і сёння яна сапраўдны, дастойны, годны лідар. Я думаю, нам пашчасціла, што гісторыя нам дала гэты шанц».
Глядзіце цалкам:
«Ціханоўская — гэта для нас Божы дар» — Мілінкевіч
Аляксандр Мілінкевіч стаў пазаштатным дарадцам Ціханоўскай