Усе трое суседзяў Беларусі дружна прайгралі баскетбольную алімпійскую кваліфікацыю

Баскетбольны мужчынскі турнір — адна з цікавостак летняй Алімпіяды.

08.07.2024 / 07:59

Бразілія не пусціла на Алімпіяду адну з сенсацый мінулага чэмпіянату свету зборную Латвіі. Фота: Roman Koksarov / AP

У ім удзельнічае 12 зборных, восем з іх забраніравалі сабе пуцёўкі загадзя. Гэта каманды Францыі (гаспадыні), Сербіі, Германіі, ЗША, Канады, Японіі, Аўстраліі, Паўднёвага Судана.

Астатнія чатыры пуцёўкі размяркоўваліся ў чатырох кваліфікацыйных турнірах.

Схема была наступная: у кожным з турніраў бярэ ўдзел шэсць камандаў, разбітыя па тры зборныя на дзве групы. Праводзяць міні-турнір у падгрупе з трох дружын, дзве выходзяць у паўфінал, а потым два пераможцы вызначаюць толькі аднаго шчасліўчыка.

Польшча гуляла ў Іспаніі, прайграла адразу Багамам і Іспаніі і не прабілася нават у паўфінал.

Латвія і Літва дабраліся да фіналаў кваліфікацыі, але там ім не пашанцавала.

Прычым кваліфікацыйны турнір з удзелам зборнай Латвіі, якая заняла 5-е месца на чэмпіянаце свету, праходзіў у Рызе. Але ў фінале ўчора Латвія прайграла Бразіліі 69:94.

Літва свой кваліфікацыйны турнір праводзіла ў Сан-Хуане (Пуэрта-Рыка), таксама дабралася да фіналу, дзе сёння ноччу прайграла гаспадарам 68:79.

З двух астатніх кваліфікацый на Алімпіяду прабіліся Грэцыя і Іспанія.

Nashaniva.com