Беларускія спецслужбы купілі на імя Рамана Пратасевіча два аўтамабілі ў Польшчы. Нашто?

На думку журналістаў, так беларускія спецслужбы рыхтавалі альбо падставу Пратасевіча, альбо яго выкраданне ў Беларусь.

08.07.2024 / 11:07

Спецслужбы Польшчы вывучаюць адзін з аўтамабіляў, набытых на імя Пратасевіча. Фота: wyborcza.pl

Беларускія спецслужбы ў лістападзе 2020 года праз падстаўных асоб купілі серабрысты Opel Astra у Варшаве на імя Рамана Пратасевіча. Неўзабаве на імя Пратасевіча купляецца яшчэ адно аўто — Peugeot Expert, якое пераганяе ў Літву афіцэр беларускіх спецслужбаў. Сам Раман ні пра што не здагадваўся і не ведаў аб існаванні гэтых аўтамабіляў. Аб гэтым сёння паведаміла «Газета Выборча» ў сваім расследаванні, заўважыў reform.news. 

Аўтары расследавання Марцін Рыбак і Пётр Жытніцкі спасылаюцца на свае крыніцы. Па іх даных, афёра так і засталася б таямніцай, калі б памылку не здзейсніў беларускі дыпламат у Літве. Пасля таго, як Пратасевіч быў арыштаваны ў Беларусі, супрацоўнік пасольства Беларусі паспрабаваў прадаць адзін з аўтамабіляў. Пакупнікамі выступілі прадстаўнікі літоўскай контрразведкі. 

Літоўцы старанна абшукваюць аўто і збіраюць адбіткі пальцаў і сляды ДНК. Яны таксама паведамляюць палякам, што ў іх ёсць машына, набытая ў снежні 2020 года ў перакупшчыка пад Варшавай, і што ў кантракце пазначаны Пратасевіч, выкрадзены праз шэсць месяцаў. 

Польскае ABW высвятляе, што пакупніком выступіў украінец Rasim G. Пасля арышту ён ідзе на супрацоўніцтва і расказвае, што купляў яшчэ адно аўто на імя Пратасевіча. Купіць два аўтамабілі яго папрасіў даўні прыяцель, украінскі бізнесмен Mikołaj H., які зараз жыве ў Венгрыі. 

Той прасіў дапамагчы свайму сябру, былому дыпламату з Беларусі, набыць два аўтамабілі для беларускіх будаўнікоў у Польшчы. Rasim G. распавядае, што Mikołaj H. і беларускі сябар вучыліся разам у вайсковай акадэміі ў Адэсе. 

Абодва разы аўтамабілі забіралі мужчыны, яны добра размаўлялі па-руску. І абодва разы прыяцель з Венгрыі не толькі вяртаў кошт аўтамабіля, але і даплочваў бонус. 

Peugeot Expert пераганяюць у Літву. За рулём быў афіцэр беларускіх спецслужбаў. Аўто перавысіла хуткасць і патрапіла на камеру кантролю хуткасці. У той жа час Пратасевіч таксама пераязджае ў Літву, але рэгулярна бывае ў Варшаве. 

Следства лічыць, што менавіта таму беларускія спецслужбы выкарыстоўвалі два аўтамабілі ў дзвюх краінах. 

Аўтары расследавання выказваюць меркаванне, навошта беларускім спецслужбам маглі спатрэбіцца зарэгістраваныя на Пратасевіча аўтамабілі. Па іх версіі, так можна было падставіць журналіста, напрыклад, спісаць на яго ДТЗ. 

Reform.news прапануе іншую версію — аўтамабілі можна было б выкарыстоўваць для выкрадання і вывазу Пратасевіча з тэрыторыі Польшчы ці Літвы.

Шлюб з ведзьмай і апякун з КДБ: Раман Пратасевіч, якога вы не ведалі

Cуд наклаў на Пратасевіча штраф — 24,5 мільёна рублёў. Ён у шоку

Здагадайцеся, на каго адвучыўся Раман Пратасевіч

Nashaniva.com