Удар па дзіцячай бальніцы ў Кіеве быў нанесены расійскай ракетай. Вось якія доказы
Заходнія і ўкраінскія аналітыкі абвяргаюць расійскую версію.
09.07.2024 / 08:31
Разбураны адзін з корпусаў дзіцячай бальніцы «Ахматдзет». Фота: arrowsmap / Telegram
8 ліпеня Расія правяла масіраваную ракетную атаку Украіны. Акрамя ваенных аб'ектаў, пад удар патрапілі і грамадзянскія. У Кіеве ракета трапіла ў найбуйнейшую дзіцячую бальніцу горада «Ахматдзет».
Як паведаміла Міністэрства ўнутраных спраў Украіны, на тэрыторыі бальніцы загінулі 2 чалавекі, яшчэ 10 пацярпелі.
Мінабароны Расіі заявіла, што словы ўкраінскага боку пра ракетны ўдар Расіі па грамадзянскіх абʼектах «абсалютна не адпавядаюць рэчаіснасці».
«Шматлікія апублікаваныя фота і відэакадры з Кіева адназначна пацвярджаюць факт разбурэнняў з прычыны падзення ўкраінскай ракеты СПА», — сцвярджае расійскае ведамства.
Як гаворыцца ў справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) за 8 ліпеня 2024 года, прадстаўнікі расійскай улады і прапагандысты хочуць зняць з сябе адказнасць за ракетны ўдар па бальніцы. Для гэтага яны распаўсюджваюць ілжывыя паведамленні аб тым, што «Ахматдзет» з'яўляецца вайсковай бальніцай, а таму і законнай ваеннай мэтай.
У прыватнасці, расійскі бок робіць ілжывыя заявы аб тым, што Украіна выкарыстоўвае частку або ўсю бальніцу для лячэння параненых украінскіх салдат, што Украіна захоўвае ракеты ў бальніцы і што ў бальніцу патрапілі ўкраінскія ракеты супрацьпаветранай абароны, а не расійская ракета.
У справаздачы адзначаецца, што артыкул 19 Жэнеўскай канвенцыі аб абароне грамадзянскага насельніцтва падчас вайны, якую падпісала Расія, абавязвае «ворага» зрабіць папярэджанне перад тым, як атакаваць бальніцу, якая нібыта ўтрымлівае «шкодную» ваенную цэль.
Але ніводная расійская крыніца не сцвярджае, што расійскія ўлады зрабілі такое папярэджанне, а таксама не падалі доказаў таго, што шпіталь, поўны хворых дзяцей, уяўляў непазбежную пагрозу для расійскіх войск.
Аналітыкі растлумачылі, што траекторыя палёту ракеты і бачны турбарэактыўны рухавік пад яе корпусам супадаюць з траекторыяй палёту расійскай ракеты Х-101. Пацверджанняў таму, што гэта быў перахопнік СПА, няма. Дый ракета не выглядае пашкоджанай перахопнікамі СПА.
Больш дэтальны аналіз правёў аўтар тэлеграм-канала «Карты і стрэлачкі» Ян Мацвееў.
Ён гаворыць, што маштабы разбурэння на тэрыторыі бальніцы сведчаць аб тым, што гэта вынік удару крылатай ракеты Х-101, якая можа несці ад 450 да 800 кілаграмаў выбухоўкі.
Так у выніку ўдару разбурана значная частка таксікалагічнага корпуса бальніцы. Акрамя таго, выбітыя вокны ў асноўным будынку. Ёсць кадры знутры, якія зафіксавалі вельмі сур'ёзныя пашкоджанні. Гэта значыць выбухная хваля была вельмі моцнай. Усё паказвае на тое, што выбухнула баявая частка масай 500 кілаграм ці нават больш.
Версію аб тым, што на шпіталь упала ракета, збітая ўкраінскімі СПА, не пацвярджае аналіз відэа. На кадрах выразна відаць, як ракета ляціць па прамой траекторыі, заходзіць на цэль пад вуглом прыкладна ў 45 градусаў і проста пікіруе на цэль. Калі б яна была збітая, то палёт выглядаў бы інакш. Ракета б віляла і круцілася.
Эксперт звяртае ўвагу і на гук палёту ракеты, які вельмі падобны да гуку, які суправаджае палёт Х-101 з рэактыўным рухавіком.
Некаторыя расійскія эксперты разгледзелі на відэа зенітную ракету — напрыклад, ад Patriot ці NASAMS. Але некалькі фактараў гавораць супраць гэтай версіі. У адзначаных ракет слабая баявая частка (22 і 91 кг). Пашкоджанні шпіталя занадта вялікія для такіх ракет.
Супраць гэтай версіі і кадры, на якіх зафіксавана падзенне. Зенітныя ракеты па зямлі не б'юць і так на цэль не заходзяць. Калі б яны падалі ці страцілі кіраванне, то іх палёт выглядаў бы інакш.
Акрамя гэтага, зенітныя ракеты маюць ракетны рухавік, які выпускае ракетны струмень і магутны дымавы след. На кадрах відэа палёту ракеты гэтага не бачна наогул.
Пры гэтым зенітныя ракеты ляцяць у два-тры разы хутчэй за крылатыя, іх палёт наўрад ці мог быць зафіксаваны. Старыя ракеты S300, якія маглі б нанесці падобныя разбурэнні, зараз для абароны Кіева не выкарыстоўваюцца.
Расійскія эксперты звяртаюць увагу на фота з нібыта знойдзенымі ў Кіеве асколачнымі элементамі. Гэта гатовыя паражальныя элементы — металічныя кубікі, якія прымяняюцца ў зенітных ракетах. Іх яны лічаць доказам таго, што ва ўсім вінавата ўкраінскае СПА.
Асколачныя элементы. Фота: arrowsmap / Telegram
Эксперт тлумачыць прысутнасць гэтых элементаў на месцы нападу. Па-першае, украінскае СПА над Кіевам сапраўды працавала. Перахапіць змаглі многія ракеты (30 з 38). Не выключана, што кубікі ад зенітных ракет, якія спрацавалі, маглі проста ўпасці ўніз.
Другі варыянт больш жудасны. Яшчэ ўвесну аналітыкі пісалі, што расійскія інжынеры абсталявалі ракету Х-101 другой баявой часткай, павялічыўшы яе сумарна да 800 кілаграмаў за кошт памяншэння дальнасці палёту.
І вось у гэтай другой баявой частцы якраз былі знойдзены гатовыя паражаючыя элементы. Прамых доказаў гэтаму эксперт не бачыў, што не выключае верагоднасці таго, што менавіта такая ракета ўдарыла па дзіцячым шпіталі.
Расія ўдарыла па найбуйнейшай дзіцячай бальніцы Кіева
З'явілася відэа з момантам удару расійскай ракеты Х-101 па дзіцячай бальніцы «Ахматдзіт»
Мінабароны Расіі пракаментавала сённяшнія ўдары па Украіне