У Беларусі зробяць абавязковымі і бясплатнымі тры новыя прышчэпкі

Пра змены расказала Ала Дашкевіч, намесніца галоўнага доктара эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

09.07.2024 / 14:45

Фота: Julia Borodun Belarus Health Ministry via AP

Нацыянальны каляндар прышчэпак дапоўняць трыма пазіцыямі.

Так, у каляндар дададуць вакцынацыю супраць пнеўмакокавай інфекцыі ўсіх дзяцей ва ўзросце да года. Рабіць яе будуць у 2, 4 і 12 месяцаў. Пакуль такія прышчэпкі прадугледжаны ў групах рызыкі за кошт бюджэту.

Яшчэ адна навацыя — увядзенне бустэрнай вакцынацыі супраць коклюшу (кохліку). Яе будуць рабіць дзецям ва ўзросце шасці гадоў, бо нярэдка хварэюць падлеткі.

Дададуць у каляндар таксама прышчэпкі супраць інфекцыі, выкліканай вірусам папіломы чалавека (ВПЧ-інфекцыя), дзяўчынкам 11 гадоў. Гэта тлумачаць неабходнасцю сфармаваць абарону да пачатку палавога жыцця.

Акрамя таго, у гэтым жа ўзросце дзецям робяць прышчэпкі супраць дыфтэрыі і слупняка, што дазволіць сумясціць вакцынацыю.

Nashaniva.com