Байдэн: Украіна можа спыніць і яна спыніць Пуціна

У Вашынгтоне адбылося ўрачыстае адкрыццё юбілейнага саміта NATO. Прэзідэнт Байдэн выступіў з прывітальнай прамовай на святкаванні 75-годдзя NATO, паведамляе «Голас Амерыкі».

10.07.2024 / 07:59

Фота: Evan Vucci / AP

Аўдыторыя Эндру Мелона — гістарычная зала ў неакласічным стылі на 750 месцаў, размешчаная ў так званым Федэральным трыкутніку, куды ўваходзяць яшчэ 9 буйных гарадскіх і федэральных офісных будынкаў сталіцы ЗША. Падпісанне Паўночнаатлантычнай дамовы, якая заснавала NATO, адбылося менавіта тут 4 красавіка 1949 года.

У сваёй прывітальнай прамове кіраўнік Белага Дома падрабязна спыніўся на дасягненнях і на новых выкліках для Паўночнаатлантычнага альянсу.

«Мне прыемна прымаць вас у гэты знамянальны год, з гонарам азірацца на ўсё, чаго мы дасягнулі, і глядзець у нашу агульную будучыню з сілай і рашучасцю, — сказаў Байдэн. — Сёння NATO мацнейшае, чым калі-небудзь».

Выступленню Байдэна папярэднічалі кадры гістарычных інтэрвенцый NATO, звароты прэзідэнтаў ЗША да саюзнікаў і эмацыйныя цытаты пра значэнне слова «добры сябар».

«Разам мы аднавілі Еўропу з руін вайны, высока трымалі паходню свабоды на працягу доўгіх дзесяцігоддзяў халоднай вайны. Былыя праціўнікі сталі нашымі таварышамі па дэмакратыі, — сказаў Байдэн. — Калі на Балканах пачалася вайна, мы ўмяшаліся, каб аднавіць мір і спыніць этнічныя чысткі».

Байдэн нагадаў, што калі 11 верасня 2001 года быў здзейснены напад на ЗША, то ўсе саюзнікі па NATO падтрымалі Амерыку, упершыню ў гісторыі NATO выкарыстаўшы артыкул 5 Дамовы аб калектыўнай бяспецы і прызнаўшы напад на Злучаныя Штаты — нападам на ўсіх членаў альянсу.

«Сёння NATO мацнейшае, чым калі-небудзь. На працягу многіх гадоў Фінляндыя і Швецыя былі нашымі бліжэйшымі партнёрамі. Цяпер яны вырашылі афіцыйна далучыцца да NATO. З гэтай прычыны сіла і значэнне артыкула 5 NATO — узраслі», — падкрэсліў амерыканскі прэзідэнт.

Байдэн падрабязна спыніўся на тэме расійскай агрэсіі супраць Украіны.

«У Еўропе працягваецца агрэсіўная вайна Пуціна супраць Украіны. І Пуцін хоча ні больш ні менш, як поўнага падпарадкавання Украіны, хоча пакласці канец украінскай дэмакратыі, знішчыць украінскую культуру і сцерці Украіну з зямлі.

Ён не спыніцца на Украіне, не памыляйцеся. Украіна можа спыніць і яна спыніць Пуціна», — заявіў кіраўнік Белага дома.

Прэзідэнт ЗША нагадаў: «Разам мы стварылі глабальную кааліцыю, каб супрацьстаяць Расіі, далі значную гуманітарную дапамогу, і разам мы падалі Украіне дастаткова, каб абараніць яе і сябе: баявыя браніраваныя машыны, сістэмы СПА, ракеты вялікага радыусу дзеяння і мільёны адзінак боепрыпасаў».

«Пераважная большасць амерыканцаў разумеюць, што NATO гарантуе бяспеку для нас усіх. Той факт, што абедзве партыі — Рэспубліканская і Дэмакратычная — прадстаўлены тут сёння, з'яўляецца сведчаннем гэтага, — сказаў Джо Байдэн. —

Амерыканскі народ ведае, што ўвесь прагрэс, дасягнуты намі за апошнія 75 гадоў, адбыўся пад абаронай NATO. І амерыканскі народ разумее, што адбылося б, калі б у Еўропе не было амерыканскіх войскаў».

Адразу пасля выступлення Джо Байдэн уручыў прэзідэнцкі медаль Свабоды генеральнаму сакратару NATO Енсу Столтэнбергу.

«Вы кіравалі гэтым альянсам у адзін з самых важных перыядаў у яго гісторыі … вы адклалі свае сямейныя планы, калі пачалася расійская вайна ва Украіне… сёння НАТА мацней і энергічней. І людзі па ўсёй Еўропе і Паўночнай Амерыцы ў будучыні пажнуць плён вашай працы», — заявіў прэзідэнт Злучаных Штатаў.

Nashaniva.com