У віцэ-спікеры КР безальтэрнатыўна абіраюць Станіславу Гліннік, унучку Шушкевіча

Каардынацыйная рада, можна сказаць, абрала сваё кіраўніцтва. Пакуль што адбылося толькі вылучэнне кандыдатаў на пасады спікера і віцэ-спікера, ужо можна ўпэўнена гаварыць, хто імі стане. Бо выбары як на адну, так і на другую пасады безальтэрнатыўныя. 

10.07.2024 / 22:19

Станіслава Гліннік. Фота: Люстэрка

Адзіным сябрам Каардынацыйнай рады, які вылучыў сваю кандыдатуру на пасаду кіраўніка гэтай структуры, стала прадстаўніца спісу «Каманда Латушкі і Рух «За Свабоду» Анжаліка Мельнікава. Гэта прагназавалася і раней. 

На пасаду ж віцэ-спікеркі безальтэрнатыўна балатуецца Станіслава Гліннік, якая прадстаўляе спіс «Еўрапейскі выбар». 

Станіславе Гліннік 29 гадоў. Яна нарадзілася ў сям'і архітэктара Вадзіма Глінніка і кампазітаркі Алёны Шушкевіч. А найбольш знакаміты з яе роду — фізік і палітык Станіслаў Шушкевіч — старшыня Вярхоўнага Савета XII склікання, першы кіраўнік незалежнай Беларусі. Які, дарэчы, у свой час перад тым, як стаць спікерам парламента, нейкі час пабыў яго віцэ-спікерам.

@nashaniva унучка Станіслава Шушкевіча стане віцэ-спікерам Каардынацыйнай рады #беларусь #1994 #незалежнасць #независимость #президент #шушкевіч #кр #нашаніва ♬ Artificial Intelligence - Melodality

Станіслава Гліннік вучылася ў Ліцэі БДУ, Варшаўскім універсітэце, цяпер працягвае навучанне ў Варшаўскім універсітэце прыродазнаўчых навук.

Працавала ў няўрадавых арганізацыях, была супрацоўніцай Сакратарыята Каардынацыйнай рады. З канца 2023 года стала асабістай памочніцай Святланы Ціханоўскай.

Галасаванне па кандыдатурах Мельнікавай і Гліннік будзе адбывацца на працягу 24 гадзін у спецыяльным тэлеграм-канале КР. Такім чынам, яго вынікі будуць вядомыя ўвечары 11 ліпеня.

Ягораў крытыкуе Ціханоўскую: Няма стратэгічнага мыслення

Хто стане новым спікерам Каардынацыйнай рады? Імя фаварыта ўжо вядомае

Курэйчык патлумачыў, у чым галоўная перавага Каардынацыйнай рады новага склікання над старым складам

Nashaniva.com