Месяцы карцару і два з паловай гады без сонца. Як малады мінчук прайшоў праз калонію і крытую турму

Калі ў 2020-м Глеба Гатоўку затрымалі на пратэстах, яму было ўсяго 20. За наступныя чатыры гады хлопец пабачыў на свае вочы адну з найстрашнейшых беларускіх калоній, а таксама правёў больш за два гады ў турме, дзе амаль не бачна сонца. Глеб расказаў «Нашай Ніве», як гэта было.

13.07.2024 / 12:28

Фота: архіў суразмоўцы

«Байсол» праводзіць збор, каб дапамагчы Глебу ўладкаваць жыццё за мяжой. Паўдзельнічаць можна тут.

«Быў у шоку: адзін палітычны хлопец, з якім я сядзеў на Жодзіна, ужо два гады ваюе добраахвотнікам ва Украіне»

Гісторыя, што ўрэшце прывяла Глеба за краты, пачалася яшчэ ў 2019-м. Тады ён, студэнт другога курса БДУІРа, забраў пасля сесіі дакументы і сышоў з універсітэта. Прычынай называе непаразуменне з выкладчыкамі, якія прымалі сесію, а таксама тое, што пайшоў вывучаць радыётэхніку не па сваім жаданні, хутчэй, па парадах.

Пасля сыходу з БДУІРа Глеб на месяц з’ехаў ва Украіну, і за гэты час ім зацікавіліся ў ваенкамаце: «Маме наплялі, што на мяне завялі крыміналку, бо я падпісаў павестку, так што, маўляў, няхай прыязджае. Я павёўся на гэта і прыехаў. Аказалася, у мяне нічога там не было падпісана і ніякай крымінальнай адказнасці мне быць не магло.

У ваенкамаце мяне накіравалі вучыцца на кіроўцу катэгорыі В і С, каб потым я пайшоў у войска. Я адвучыўся, і тут у канцы зімы 2020-га ў Беларусь прыйшоў кавід, плюс хутка мусілі быць выбары, а мяне хочуць у войска забраць. Дык я і не пайшоў тады па павестцы. Прыйшоў толькі адзначыцца мо праз тыдзень-два, але той тыдзень быў вызначальны, бо заканчваўся прызыў. Калі я прыйшоў, я ўжо не трапіў пад прызыў, і на мяне завялі крымінальную справу за ўхіленне».

Глеба размеркавалі кіроўцам у частку спецназу, што ў Мар’інай Горцы. Ён расказвае, што не хацеў служыць у той час, калі будуць выбары і, адпаведна, разгон паслявыбарчых пратэстаў, а таксама баяўся кавіду. Хлопец нагадвае, што ва Украіне і Расіі вясной 2020-га перанеслі прызыў, а ў Беларусі на пандэмію заплюшчвалі вочы.

14 ліпеня 2020-га ЦВК не зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзідэнты Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу. У Мінску пачаліся пратэсты, якія сталі на сёння апошнімі для Глеба. Яго затрымалі бліжэй да канца акцыі, на Нямізе — некалькі амапаўцаў падхапілі за рукі і ногі і панеслі ў бусік.

Пазней хлопцу інкрымінавалі супраціў пры затрыманні і гвалт у дачыненні да сілавіка. Вось як ён пра гэта расказвае: 

«У тым месцы ёсць бетонныя сходы, а побач ля іх — газон. Мы стаялі на сходах, і калі пачалі людзей затрымліваць, пабеглі ў розныя бакі. Я пераскокваў на газон, і ў гэты момант зрабілі фота з такога ракурса, быццам бы я б’ю сілавіка. Мне гэта інкрымінавалі як удар па яго спіне. Другі момант — мне інкрымінавалі супраціў пры затрыманні, то-бок я быццам аказваў супраціў іншаму супрацоўніку і біў яго. Я выкручваўся, але насамрэч яго не чапляў».

Да суда Глеб дайшоў, акрамя артыкулаў за супраціў і гвалт, з яшчэ двума артыкуламі — «народным» 342-м за ўдзел у пратэстах і артыкулам за «ўхіленне ад мерапрыемстваў па прызыве».

Глеб Гатоўка ў 2020-м. Фота: spring96.org

31 снежня 2020 яго асудзілі на чатыры гады зняволення. Адказ на апеляцыю Глеб чакаў у жодзінскай турме, і там сустрэў аднаго палітвязня з незвычайным лёсам:

«Быў у шоку — адзін палітычны хлопец, з якім я сядзеў на Жодзіна, на год-два маладзейшы за мяне, выйшаў у 2022-м і ўжо два гады ваюе добраахвотнікам ва Украіне (гаворка пра Ціхана Клюкача — НН). Я і не думаў, што ён так можа: сядзеў, нешта маляваў, у яго добра атрымлівалася».

«Я бачыў, як у спёку вязні з голым торсам цягнулі па гэтай зямлі за сабой плуг, быццам коні»

21 красавіка 2021-га, на свой дзень народзінаў, Глеб пераступіў парог наваполацкай калоніі. Вось што ён пабачыў перад сабой:

«Калі прыгледзеўся да калоніі, маё першае ўражанне — быццам гэта дабітая савецкая казарма, нейкі трэш. Будынкі з разбітай цэглай, дарогі, дзе з бетону і асфальту недзе ўжо прарасла трава — поўнае занядбанне. Але штаб цывільненька зроблены, там плітачка, усё культурна. На прамзоне ў калоніі паляць гуму, ад гэтага падымаецца дым, і калі ты там побач, гэта ўскладняе жыццё». 

Глебу даручылі сартаваць на прамзоне поліэтыленавыя шарыкі высокага ціску, і праз месяц ён напісаў заяву з адмовай працаваць. Зрабіў так праз прымусовы характар працы і невыносныя ўмовы. Ён згадвае: дзень праводзіш у цэху — і потым вугалем смаркаешся:

«Надзяваеш медыцынскую маску, паходзіш у ёй дзве гадзіны, і на ўзроўні носа, дзе ты дыхаеш, утвараецца чорная пляма. Ты павінен цэлы працоўны дзень сядзець у гэтым цэху, дзе падымаецца пластыкавы пыл, і гэта ўсё потым ідзе ў лёгкія. Аблазяць пазногці, скура — карацей, не.

І табе яшчэ за гэта не плацяць, проста рабства. Яны быццам бы выплачваюць мінімалку, але шмат з яе забіраюць, і табе застаюцца літаральна капейкі, і тое мне за першы месяц не заплацілі.

Там ёсць ахоўная зона: зямля, дзе няма травы. І яна мусіць быць узараная, каб на ёй, калі што, было відаць сляды. Я бачыў, як у спёку вязні з голым торсам цягнулі па гэтай зямлі за сабой плуг, быццам коні».

Хлопец разумеў, што за адмову ад працы атрымае пагаршэнне рэжыму і рызыкуе трапіць на турэмны рэжым, што і здарылася з ім. Але, кажа Глеб, ён якраз хацеў ехаць на крытую турму, бо там мог бы сам распараджацца сваім часам у адрозненне ад калоніі, дзе кожная гадзіна прапісаная ў раскладзе. Так, у калоніі лягчэйшы рэжым і можна бачыць сонца, але для хлопца рэжым дня быў важнейшы.

На шляху да крытай турмы ён правёў два месяцы ў ШІЗА і тры месяцы ў ПКТ. А потым атрымаў турэмны рэжым і паехаў на два з паловай гады ў жодзінскую турму.

«За лаянку ў турме можна і кухталя атрымаць»

Не кожны вытрымае жыццё ў камернай сістэме, кажа хлопец: 

«Калі актыўны па характары чалавек прыходзіць у турму з калоніі, гэтыя сцены ціснуць на яго, ён не можа сябе знайсці. У людзей, якія адчуваюць сябе ў камеры дыскамфортна, бываюць эмацыйныя выбухі, і гэта правакуе вельмі шмат канфліктаў. 

Але ёсць і паняцце «камерны чалавек», ці «дамасед», і я з такіх. Сядзеў у камеры як у кватэры, чытаў кніжкі. Часам і ў мяне прарываліся эмоцыі, але яны больш былі звязаныя з калектывам у камеры. У калоніі ты можаш проста адысці ад чалавека, не хочаш — не кантактуй. А ў камеры ты сядзіш з ім пастаянна, гэта можа працягвацца месяц, два, паўгода, год». 

У крытай турме, расказвае хлопец, ёсць свае законы і свая культура, лад жыцця, якому варта падпарадкоўвацца, калі не хочаш, каб у цябе ўскладнілася жыццё. Глебу хапіла толькі базавых ведаў пра жыццё па паняццях. Ён кажа, што блатныя за кратамі глядзяць на палітычных з заплюшчанымі вачыма — маўляў, жыві сабе ціхенька, што з цябе возьмеш. Ёсць разуменне, што палітвязні — выпадковыя людзі за кратамі, дый сярод блатных ёсць людзі з рознымі палітычнымі поглядамі. 

Тым не менш Глеб дапускаў памылкі ў правілах, але мінімальныя — расказвае, што да сур’ёзных праблем не даходзіла:

«Напрыклад, неяк блатны ў нашай камеры пачаў крытыкаваць нашых суседзяў, а я стаў іх апраўдваць. Тады ён раззлаваўся, маўляў, з маіх словаў атрымліваецца, што ён іх беспадстаўна крытыкуе. Я пра гэта і не думаў, але ў яго пачалася такая рэакцыя, і яна магла мець сур’ёзныя наступствы.

Іншы прыклад. Ты цікавішся правіламі жыцця ў турме, задаў пытанне пра гэта і атрымаў адказ. А потым задаеш вельмі падобнае пытанне праз некаторы час, удакладняеш, а ён на гэта рэагуе так, быццам ты чапляешся да яго словаў. Калі б я не здолеў патлумачыць, чаму я так спытаў у яго, маглі б быць наступствы. Таксама дрэнна, калі ў размове праскочыць лаянка — а гэта не прынята ў турме. За гэта, калі трапішся пад гарачую руку, можна і кухталя атрымаць».

Глеб згадвае, што за кратамі сустракаў некаторых палітвязняў, якія яго непрыемна ўражвалі — гэта людзі, якія аказаліся ў такім статусе выпадкова і па сутнасці не маюць культурнай прашыўкі. Яны лёгка інтэгруюцца ў турэмную этыку, сыходзяцца з блатнымі. У некаторых палітычных, успамінае хлопец, ёсць жаданне пакпіць з чалавека і папракнуць яго. Калі гэта паўтараецца шмат разоў і ты вымушаны знаходзіцца з чалавекам у адным памяшканні, па сутнасці, гэта прэсінг.

Бывае, што чалавек не прымае турэмныя ўмоўнасці. Тады ў яго могуць быць праблемы: можа, з ім не захочуць сядзець або ён пойдзе на дамоўленасці з міліцыяй, каб яго перавялі адтуль, або самі вязні будуць яго пастаянна дрэсіраваць — будуць папрокі, маральныя лекцыі з боку блатных і крымінальнікаў. 

За час знаходжання ў крытай турме Глеб правёў 120-130 дзён у карцары, найвялікшая колькасць сутак для яго там за раз — 57. Хлопец мяркуе, што такое стаўленне да яго было ў тым ліку і з-за яго нелаяльнасці, бо Глеб пастаянна пісаў лісты па-беларуску, хаця супрацоўнікі пару разоў прасілі пісаць па-расейску. Калі ён быў у Жодзіна яшчэ да калоніі, хлопец размаўляў з адміністрацыяй і супрацоўнікамі толькі па-беларуску, і калі вярнуўся, некаторыя яго яшчэ памяталі.

«Тут людзі гуляюць, жывуць сваім жыццём і ходзяць у краму па хлеб, а прайсці адсюль пару метраў — там катуюць»

Пераезд у Жодзіна абярнуўся для Глеба двума з паловай гадамі амаль без сонца:

«Кожны дзень быў шпацыр — гадзіна ў дворыку, дзе ты пройдзеш пяць крокаў. У некаторыя поры года, калі сонца пад патрэбным вуглом, яно трапляе ў гэты дворык, але збольшага сонца там няма. Проста бачыш светлае неба — і тое праз краты. На мяне не ціснулі сцены і тое, што сонца няма. Калі задумваешся пра гэта, то яно ўражвае, але я пра гэта надта не думаў. 

Фота: тг-канал «Вясны»

У мяне пастаянна аблазіла скура каля пазногцяў, магчыма, ад недахопу вітамінаў, і гэта непрыемная штука. Трэба выпраць рукамі нейкую вопратку, і проста балюча гэта рабіць, скура часам крывіць. Пачынаеш піць вітаміны — праз тыдзень-два яна паціху загойваецца, і тое не заўжды. Дарэчы, заўважаў, што без вітамінаў валасы і пазногці даўжэй растуць».

Хлопец упэўнены, што чалавеку са слабым здароўем у жодзінскай турме будзе цяжка, бо там вельмі кепска з медыцынай. Ён згадвае гісторыю, калі чалавека з падазрэннем на рак мозга паўтара года не вывозілі на МРТ. Калі ў той турме захварэць на апендыцыт, упэўнены Глеб, можна і загінуць, бо наўрад ці хто прыйдзе на дапамогу. Асобная гісторыя — тамтэйшы стаматолаг, які быў здольны паставіць пломбу на карыес ці паставіць адну пломбу на два суседнія зубы. Дый і да таго стаматолага можна было трапіць добра калі раз на год. 

Глеб расказвае, што ў турме ў некаторых людзей пачыналіся псіхічныя праблемы:

«Быў адзін хлопец, не наркаман, дык ён пачаў паводзіць сябе вельмі брутальна ў дачыненні да мянтоў. Здаецца, яго нават білі. Рэагавалі на яго як на здаровага нахабнага чалавека, якога трэба пакараць і прымусіць замаўчаць, а ён насамрэч быў у неадэкваце. Трэба было да яго нармальна паставіцца і неяк яго палячыць, каб ён схамянуўся, а яго там працягваюць катаваць.

Тое, як на цябе ўплывае крытка, залежыць ад чалавека, ад умоваў і калектыва, таксама ад літаратуры, якая табе трапляецца. З табой там можа здарыцца нешта такое, што не з усімі бывае, і цябе гэта зменіць. Самае галоўнае — каб ты мог сядзець у камеры і на цябе не ціснулі гэтыя сцены, каб ты пастаянна быў у адэкваце і больш-менш спакойным стане. Пару разоў у мяне былі крытычныя моманты, проста рукі ўжо трэсліся, бо мяне давялі». 

Неяк, успамінае хлопец, давялося піць заспакаяльнае. У камеру перавялі блатнога, і Глеб проста не мог знаходзіцца ля яго, бо «ад яго так і веяла духам блатной рамантыкі, ён пастаянна напяваў шансон». Заўвагу яму не зробіш, у турме шансон — святое.

Глеб эмацыйна апісвае дзень вызвалення — ён выйшаў з-за кратаў на Дзень волі, 25 сакавіка 2024-га: «Мае першае ўражанне на волі было больш звязанае з прыродай. Я ўбачыў дрэвы, траву, убачыў неба і птушак, сабак і катоў. Я ўбачыў людзей у грамадзянскай вопратцы, дзяўчат-равесніц, пачуў іх тонкія і высокія галасы. Звяртаў увагу на людзей, на тое, як яны размаўляюць, на іх манеры і жэсты, слэнг — усё тое, ад чаго я трошкі адвык, бо даўно гэта не бачыў. 

Адчуваеш сябе трошкі адчужана, бо ў цябе быў такі досвед. Тут людзі гуляюць, жывуць сваім жыццём і ходзяць у краму па хлеб, а прайсці адсюль пару метраў — там катуюць. Але гэта потым развеялася і я пачаў больш думаць пра тое, як з’ехаць з Беларусі, бо там жыць немагчыма, адчуваеш сябе вельмі небяспечна. Мянты пастаянна прыходзяць да цябе, выклікаюць, звоняць, правяраюць тэлефон. Нават калі раз на два тыдні а 22-й гадзіны да цябе дахаты прыходзіць мент і правярае дакументы — гэта так сабе адчуванне».

Фота: архіў суразмоўцы

За кратамі хлопец прачытаў каля 150 кніг і абраў для сябе новую спецыяльнасць — ён хоча вывучаць сацыялогію. У Беларусі, кажа Глеб, яна моцна палітызаваная, так што вучыцца яму там не было дзе, ды і ў працы ён там сябе не бачыў. Цяпер яго мэта — вучыцца ў еўрапейскім універсітэце. Што да турэмнага досведу, хлопец верыць, што выпрабаванне прывяло яго да лепшага:

«Думаю, я там змяніўся ў станоўчы бок і пасталеў, многае пераасэнсаваў дзякуючы літаратуры і разважанням. Але не з усімі такое адбываецца: некаторыя змяняюцца ў горшы бок, некаторыя застаюцца на тым жа ўзроўні і проста губляюць час».

 

«Кадэбіст у чорных скураных пальчатках задаваў пытанні, і калі я не адказвала, пачынаў мяне душыць»

Былы палітвязень з жонкай адкрылі краму сувеніраў — як ідзе справа?

«Антошкіна — гэта пекла». Страшны маналог палітзняволенай

Вера Белацаркоўская