Чаму ў Мазыры амаль двое сутак не маглі аднавіць электразабеспячэнне? І пры чым тут вайна
Амаль двое сутак у 105-тысячным Мазыры і раёне не маглі аднавіць электразабеспячэнне пасля стыхіі, якая абрынулася на рэгіён 14 ліпеня. Абясточанымі аказаліся большая частка паўднёвага захаду Гомельскай вобласці — гэта не толькі Мазыршчына, але і Нараўлянскі, Ельскі, Лельчыцкі раёны.
16.07.2024 / 14:35
Фота: Мінэнерга
У прыватнасці, у Мазыры з-за адсутнасці электрычнасці больш за суткі не было вады — мясцовым жыхарам даводзілася стаяць у вялізных чэргах да аўтацыстэрнаў з вадой. Не працуюць халадзільнікі, сапсаваныя прадукты, немагчымасць зарадзіць мабільныя тэлефоны — гэта толькі частка праблем, якія адчулі мазыране. Чаму так доўга ў раён не маглі вярнуць электразабеспячэнне, даведаўся «Флагшток».
Мазыршчына аказалася абясточанай з-за паваленай апоры лініі электраперадач 330 кілавольт — праз гэта лінія аказалася адключаная. А падаць электрычнасць з іншай вобласці аказалася немагчымым, растлумачыў мясцовы энергетык:
«Па-добраму, буйныя падстанцыі паміж сабой закальцаваныя, і Мазыр з Гомелем быў закальцаваны праз тэрыторыю Украіны. У пачатку вайны лінію Гомель — Чарнігаў украінцы адключылі. Таму закальцоўкі ў нашай вобласці фактычна няма», — распавёў спецыяліст.
Схема Белэнерга, на якой бачна закальцоўка лініі Мазыр — ЧАЭС — Чарнігаў — Гомель
У 2022 годзе энергетыкі пачалі спешна карэктаваць сітуацыю і рабіць іншую закальцоўку: будаваць ЛЭП з Мазыра і Петрыкава — на Салігорск. Яе да гэтага часу не ўвялі ў эксплуатацыю:
«Імаверная прычына — праблемы з экалагічнай экспертызай. Атрымліваецца, закальцоўкі няма, лінія абвалілася — і ўсё, катастрофа».
Таму жыхарам раёна, прадпрыемствам, медустановам прыйшлося чакаць, пакуль адновяць апоры ЛЭП, але энергетыкі сваімі сіламі гэта зрабіць не могуць — патрэбная спецыялізаваная арганізацыя.
Яе ў тэрміновым парадку выклікалі, аднак з-за бюракратыі палова дня не дапускалі да працы:
«Ні ў каго не хапіла смеласці часова заплюшчыць вочы на шматлікія інструкцыі, каб хутчэй даць допуск на працы і як мага хутчэй прыступіць да ліквідацыі наступстваў аварыі».
Як паведаміла Мінэнерга, толькі ў 10 гадзін раніцы 16 ліпеня электраэнергія пачала паступаць на Мазырскую ЦЭЦ.
Жыхары Мазыра сталі ў гіганцкую чаргу, каб падзарадзіць тэлефоны ВІДЭА
Як выглядае чарга па ваду ў Мазыры