У Варшаве затрымалі былога палітвязня Ігара Банцара — гэта ён прыйшоў у Міністэрства сям'і са зброяй
Беларус, якога 16 ліпеня затрымалі ў Варшаве са зброяй, — вядомы гарадзенскі музыкант Ігар Банцар, пра гэта Most распавялі яго сябры. Яны спрабуюць высветліць лёс мужчыны і шукаюць адваката.
17.07.2024 / 11:01
Ігара Банцар. Фота: Белсат
Тэлефон Ігара недаступны, апошняя яго актыўнасць у сацсетках была суткі таму.
Цяпер Банцар знаходзіцца ў паліцыі. Прэс-сакратар аддзялення Варшаўскага аддзялення паліцыі KRP-I Якуб Пацыняк паведаміў, што 17 ліпеня матэрыялы справы будуць перададзеныя ў пракуратуру.
Нагадаем, што 16 ліпеня з будынка Міністэрства сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі ў Варшаве эвакуявалі 150 чалавек, а прылеглую вуліцу ачапіла паліцыя. Прычынай стаў беларускі наведнік, у сумцы якога выявілі небяспечныя прадметы — газ, нож, тэлескапічную дубінку і, верагодна, шумавую зброю.
Паведамлялася ўчора, што мужчына паводзіў сябе спакойна і нікому не пагражаў. Аднак, агледзеўшы сумку, ахова будынка прыняла рашэнне выклікаць паліцыю. Таксама на месца інцыдэнту прыбыла пажарная служба. Мужчыну адвялі афіцэры, у будынку Міністэрства працавалі спецыяльныя службы.
Ігар часта насіў з сабой зброю, лічачы, што яна можа спатрэбіцца яму ў мэтах самаабароны. Раней яго ўжо затрымлівалі ў Польшчы.
Музыка і былы палітвязень Ігар Банцар — адна з легендаў Гродна. У верасні 2020 года мужчына здзейсніў перформанс — станцаваў без штаноў перад міліцэйскай машынай, за што атрымаў пазней паўтара года хіміі. Падчас зняволення Банцар трымаў працяглыя галадоўкі, 40 дзён прасядзеў у ШІЗА і прайшоў праз псіхіятрычную экспертызу ў Навінках.
«Мне ўжо паставілі дыягназ». Паліцыя змясціла Ігара Банцара ў псіхіятрычную бальніцу