Маск пераносіць штаб-кватэру SpaceX з Каліфорніі ў Тэхас — з-за «банд наркаманаў ля ўваходу» і спрэчнага закона
Апошняй кропляй, па словах прадпрымальніка, стала падпісанне гендэрнага закона, які тычыцца дзяржаўных школ у Каліфорніі.
17.07.2024 / 11:48
Ілан Маск. Фота: Susan Walsh / AP
Ілан Маск збіраецца перанесці штаб-кватэру SpaceX з Каліфорніі ў Тэхас. Таксама ў гэты штат пераедзе і штаб-кватэра X.
У сваёй сацсетцы мільярдэр назваў апошняй кропляй падпісанне губернатарам Каліфорніі ад Дэмакратычнай партыі Гэвінам Ньюсамам закона, які дазваляе дзяржаўным школам не паведамляць бацькам пра рашэнне іх дзяцей змяніць гендарную прыналежнасць.
«Гэта апошняя кропля. З-за гэтага закона і многіх іншых, якія яму папярэднічалі, накіраваных супраць сем'яў і кампаній, SpaceX цяпер перанясе сваю штаб-кватэру з Хотарна, Каліфорнія, у Стар'юбейз, Тэхас.
Каля года таму я ясна даў зразумець губернатару Ньюсаму, што законы такога кшталту прымусяць сем'і і кампаніі пакінуць Каліфорнію, каб абараніць сваіх дзяцей», — напісаў Маск.
Яшчэ адна прычына — «банды наркаманаў ля ўваходу ў офіс».
«З мяне дастаткова — сутыкацца з бандамі агрэсіўных наркаманаў, каб увайсці або выйсці з офіса», — адзначыў Маск.
На думку мільярдэра, яго прыкладу паследуюць шматлікія кампаніі і сям'і.