Банкі зніжаюць прыбытковасць па валютных дэпазітах да 0,1%. Тлумачым матэматыку
Беларускія банкі здзіўляюць працэнтамі па валютных дэпазітах. Калі кладзеш у банк даляры ці еўра, стаўка складае то ўсяго 0,1%. Банкіры на лічбах тлумачаць «Нашай Ніве», чаму выгадна трымаць дэпазіты ў замежнай валюце цяпер стала немагчыма.
19.07.2024 / 07:00
У сярэдзіне ліпеня 2024 года ў большасці беларускіх банкаў стаўка па дэпазітах у далярах і еўра сінхранізавалася на амаль нулявым значэнні — 0,1% (а часам і 0,01%). Што адбываецца?
Можна меркаваць, што банкі тэрмінова рэагуюць на павышэнне нарматыву адлічэнняў у гэтак званы «фонд абавязковых рэзерваў» — ФАР, які з 1 жніўня будзе складаць 20% (ад пачатку 2024-га нарматыў складае 18%).
Нацбанк аргументуе павышэнне «наданнем дадатковага імпульсу працэсам дэвалютызацыі беларускай эканомікі».
Ва ўмовах гандлёвага крызісу, пакалечаных эканамічных і палітычных адносін з суседзямі, «дэвалютызацыя» мае не чыста фінансавыя, а хутчэй палітыка-эканамічныя мэты: калі крэдыты і дэпазіты ў краіне выражаны ў нацыянальнай валюце, то прасцей кіраваць курсам і ўплываць на інфляцыю без умяшальніцтва замежных фактараў.
Адно з практычных наступстваў для кожнага — дэпазіты ў цвёрдых валютах перастаюць быць прыбытковымі ў Беларусі. Дэ-юрэ з 1 жніўня, а дэ-факта ўжо. Нацбанкаўскі бар'ер у 20% ламае эканоміку банкаў.
Вось як тлумачыць тое, што адбываецца, топ-менеджар аднаго з буйных банкаў краіны.
«Беларусы грошы любяць захоўваць у далярах, гэта жалезны факт. Яны атрымліваюць заробкі, на частку купляюць даляры і нясуць іх у банк.
Дапусцім, кожны месяц фізічныя асобы прыносяць у нейкі невялікі банк 5 мільёнаў даляраў і кладуць іх на дэпазіт, скажам, пад 2% гадавых — такая стаўка была год назад.
Чаму гэта немагчыма сёння? Таму што з гэтых грошай з 1 жніўня банк павінен аддаць 20% у ФАР.
Значыць, банк можа карыстацца толькі 80% ад сумы, і сабекошт грошай для банка ўжо 2%:0,80=2,5% гадавых.
Далей гэтыя грошы трэба недзе размясціць, але фізічным асобам крэдыты ў далярах даваць нельга, значыць, трэба даваць юрыдычным асобам імпарцёрам і экспарцёрам.
Але інтэнсіўнасць гандлёвых адносінаў моцна знізілася з пачаткам санкцый, частка даляравых і еўравых аперацый беларускага бізнэсу адбываюцца ў Турцыі ці Арменіі, попыт на валюту ўнутры краіны моцна знізіўся.
Імпарцёр пастараецца абысціся без крэдыту, і экспарцёры таксама не асабліва хочуць браць на сябе валютныя рызыкі, каб не ўляцець у выпадку нават малой дэвальвацыі, якая востра адчуваецца пры вялікіх лічбах.
З гэтага практычны вынік для беларускага банка — ты можаш размясціць не ўсё, што табе прынеслі беларусы, а толькі нейкую частку.
Дапусцім, у банка здарыўся сапраўды няўдалы месяц, і з 5 прыцягнутых мільёнаў яму ўдалося размясціць толькі 1 мільён.
Па якой стаўцы яго трэба размясціць, каб толькі адбіць сабекошт па стаўцы 2%, якую ты плаціш укладчыкам? 2,5*5=12,5% гадавых!
А табе ж трэба яшчэ на гэтым зарабіць, прыкруціўшы туды працэнты тры, таму што ты нясеш выдаткі. Але даляры пад 15,5% ты нідзе не размесціш. Вось і ўся матэматыка.
Ад прынесеных грошай банк панясе страты, якія будзе кампенсоўваць з грошай, заробленых на іншым. А гэта ўжо дабрачыннасць.
Таму выхад такі: што ты зніжаеш стаўку па прыцягненні, каб у цябе або забіралі валюту, што ўжо добра — не трэба плаціць працэнты, або, другі варыянт, каб яны ў цябе ляжалі амаль бясплатна, і ты іх мог тады размяшчаць на рынкавых умовах і троху зарабляць», — тлумачыць банкір.
Нашы суразмоўцы выказваюць думку, што выразна прыбытковыя стаўкі па расійскім рублі (а тут стаўка даходзіць аж да 11-12%) некаторы час захаваюцца праз інерцыю. Дый толькі ў банках са збалансаванымі партфелямі, якія маюць сярод кліентаў буйныя прадпрыемствы, якія імпартуюць і экспартуюць з Расіі.
Але з часам па логіцы і стаўкі па расійскім рублі павінны падысці да нуля.
Такім чынам цяпер валютныя зберажэнні беларускіх укладчыкаў будуць толькі захоўвацца, але не прырастаць, не кампенсуючы нават інфляцыю даляра і еўра.