«Будзе адбывацца вымушаны, але ўсё большы паварот у бок Расіі». Сацыёлаг пра ўплыў новых санкцый на настроі беларусаў

Еўрасаюз уводзіць усё больш абмежаванняў у дачыненні да Беларусі. Апошняя хваля непасрэдна закранула менавіта звычайных жыхароў, а не рэжым Лукашэнкі. «Наша Ніва» спытала ў сацыёлага Генадзя Коршунава, як падобныя крокі з боку ЕС могуць паўплываць на настроі беларусаў.

21.07.2024 / 06:00

Мінск. Ілюстрацыйнае фота: Contributor Getty Images

Сімпатый да Еўропы застанецца менш

Коршунаў лічыць, што ўсё гэта безумоўна адаб’ецца на палітычных настроях беларусаў.

«Ранейшыя санкцыі таксама даходзілі да простых людзей, але не наўпрост, а больш пасрэдна. А цяпер мы назіраем тое, што яны, груба кажучы, б’юць у лоб.

Таму гэта ў лепшым выпадку адаб’ецца ў бок непаразумення таго, што робяць нашы заходнія партнёры, а ў горшым — адаб’ецца на структуры геапалітычнага выбару», — лічыць сацыёлаг.

Генадзь Коршунаў. Фота: «Наша Ніва»

Па яго словах, у Беларусі і раней значная частка грамадства глядзела на Расію, бо лічыла, што беларусаў у Еўропе ніхто не чакае.

«Асабліва ў тых, хто не вельмі цікавіўся палітыкай, пазітыўнага праеўрапейскага наратыву не было. Зараз гэтыя людзі ўбачаць падмацаванне гэтага тэзісу, што беларусы ў Еўропе нікому не патрэбныя.

На жаль, гэтыя наратывы цяпер будзе выкарыстоўваць і беларуская прапаганда», — упэўнены аналітык.

Не кожны адшукае прычынна-выніковую сувязь

Коршунаў лічыць, што факт таго, што першапачаткова ў з’яўленні санкцый і іншых абмежаванняў у дачыненні да Беларусі вінаваты рэжым Лукашэнкі, ва ўспрыманні многіх будзе выносіцца па-за дужкі.

«Да гэтага простаму чалавеку дайсці будзе цяжка. Гэта даволі складаны шлях з некалькіх этапаў.

А ў таго, хто зможа прайсці гэты шлях і адрэфлексаваць, узнікаюць іншыя пытанні: «Чаму, з аднаго боку, уводзяцца такога кшталту санкцыі, якія б'юць па простых людзях, а з іншага боку — добрая частка нашых суседзяў працягвае гандляваць з беларускім рэжымам?»

Гэта таксама пытанні, на якія трэба было б адказаць, але маем, што маем», — кажа Генадзь Коршунаў.

Welcome to Russia

Падобныя абмежаванні, якія фактычна закрываюць Еўропу для беларусаў, значна звужаюць шырыню магчымасцяў, акно выбару, дзе правезці выходныя, як правесці вакацыі і гэтак далей.

«Тут можна казаць, што будзе адбывацца хоць і вымушаны, але ўсё большы паварот у бок Расіі. На жаль, гэта так», — лічыць аналітык.

Таксама Генадзь Коршунаў не выключае, што падобныя дзеянні Еўрасаюза могуць негатыўна адбіцца на рэйтынгу дэмакратычных сілаў у вачах беларусаў.

«Але як яно будзе дакладна развівацца, пакуль складана сказаць, бо трэба глядзець, ці атрымаецца ў нашых дэмакратычных сілаў нешта зрабіць у гэтым напрамку».

«Закрываючыся ад беларусаў, Захад міжволі штурхае іх да Расіі» 

Што азначаюць сігналы Лукашэнкі Польшчы і Украіне?

Nashaniva.com