Сусветныя цэны на каву б'юць рэкорды. Кошт вашага латэ пад пагрозай

Што прымушае расці цэны?

19.07.2024 / 14:21

Фота: vecteezy

Прагнозы экспертаў аб тым, што ў хуткім часе кава можа стаць раскошай, пачалі імкліва збывацца.

З сярэдзіны мая, па звестках сеткі біржаў Intercontinental Exchange (ICE) Futures цэны на рабусту выраслі на 29% (больш за 40% з пачатку года) і склалі ў пачатку ліпеня рэкордныя $4800 за тону. Гэта з'яўляецца рэкордам з 2008 года.

Арабіка дадала за тры месяцы 21% (30% за год). Цяпер яна гандлюецца па цане $5490 за тону.

Прычына, як тлумачыць выданне Nikkei Asia, у надзвычайнай гарачыні, якая ахапіла асноўныя рэгіёны вырошчвання кавы ў Азіі.

З красавіка сярэднія тэмпературы ў В'етнаме, Тайландзе і на Філіпінах былі вышэй за норму і дасягалі 48°C. З гэтых краін адзін толькі В'етнам вырабляе каля 40% кававых зерняў рабуста ў свеце. Краіна сутыкнулася не толькі з гарачынёй, але і з засухай, якая можа паўплываць на ўраджай.

Неўраджайным быў і мінулы год, калі праз гарачыню і засуху ўраджай знізіўся на 20%. Неўраджай мінулага году і асцярогі з нагоды паўтору сітуацыі ў гэтым годзе негатыўна паўплывалі на дынаміку цэн.

Як піша Bloomberg, сітуацыю ўскладняе і меншы, чым чакалася, ураджай арабікі ў Бразіліі, якая з'яўляецца самым буйным яе вытворцам.

Пасля таго, як дрэвы перажылі перыяд спякоты і засухі, фермеры збіраюць зерне меншага памеру, чым звычайна. Чакаецца, што ўраджай будзе на 10-15% ніжэйшым. Вытворцам давядзецца выкарыстоўваць больш зерня, каб напоўніць мяшок кавы.

Такім чынам, у хуткім часе нас чакае істотны рост цаны кубачка кавы.

Хутка кава можа стаць раскошай

Не кожная кава — карысная

Бамбл-кава — сапраўдны летні хіт. Асцярожна, гэты напой можа стаць вашым улюбёным

Nashaniva.com