За два з паловай гады на мяжы Беларусі і ЕС загінулі 126 мігрантаў
Найбольш частымі прычынамі смерці мігрантаў былі пераахаладжэнне і знясіленне з-за працяглага знаходжання ў памежным лесе.
19.07.2024 / 09:42
Фота: Straż graniczna.pl
З пачатку міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і ЕC загінула 126 чалавек. 116 смерцяў задакументавана са жніўня 2021 года па сакавік 2024 года, вынікае са справаздачы «Праходу няма. Смерць мігрантаў на мяжы Еўразвязу з Беларуссю», высновы якога прыводзіць газета Wyborcza і якую цытуе Most.
Звесткі аб яшчэ 10 памерлых паступілі ўжо пасля заканчэння працы над справаздачай. Найбольш частымі прычынамі смерці мігрантаў былі пераахаладжэнне і знясіленне з-за працяглага знаходжання ў памежным лесе.
11 целаў знайшлі ў рэках, якія мігранты спрабавалі пераплысці, мяркуючы, што гэта больш просты шлях, чым штурм памежнага плота.
Пяць чалавек загінулі ў аўтакатастрофах: машыны, якімі кур'еры спрабавалі іх перавезці, траплялі ў аварыі ў спробе схавацца ад паліцэйскіх ці памежнікаў.
У некаторых выпадках людзі паміралі пасля так званых пуш-бэкаў — гвалтоўных прымушэнняў мігрантаў вярнуцца ў Беларусь.
Не ўсе целы ўдалося апазнаць, сваякі многіх загінулых не знойдзеныя. Акрамя таго, не менш за дзевяць жанчын згубілі дзіця, страціўшы цяжарнасць, падчас спробаў перайсці мяжу.