Індыя можа здымаць свае фільмы ў Беларусі

Пытанне пакуль толькі ў эканоміцы такіх праектаў.

19.07.2024 / 13:46

Постэр да фільма «Байкеры» — рэмэйка «Фарсажа»

Індыя зацікаўлена ў здымках сумесных фільмаў на тэрыторыі Беларусі. Пра гэта заявіў індыйскі пасол у Мінску Алок Ранджан Джа пасля наведвання кінастудыі «Беларусьфільм», піша ТАСС.

Пасол агледзеў павільёны беларускай кінакампаніі, і ў цэлым тэхнічныя ўмовы яго парадавалі. Пытанне пакуль толькі ў эканоміцы такіх праектаў.

«Мы б аддалі перавагу сумеснай вытворчасці фільмаў. Арэнда абсталявання, арэнда пляцовак — гэта можна зрабіць дзе заўгодна, для гэтага неабавязкова ехаць з Індыі прама сюды», — заявіў дыпламат.

На «Беларусьфільме» паведамілі, што ў найбліжэйшы час зробяць разлікі і падрыхтуюць для індыйскага боку камерцыйную прапанову. А таксама распавялі, што разглядаецца магчымасць арганізацыі Дня індыйскага кіно ў рамках фестывалю «Лістапад» сёлета.

Nashaniva.com