У Беларусі прадаюць Mercedes-Benz W124 за 12 000 даляраў. Чаму 32-гадовае аўто такое дарагое?
Паглядзелі, чаму за Mercedes-Benz 1992 года выпуску просяць 12 тысяч даляраў.
23.07.2024 / 10:29
Фота: av.by
24 гады ў адных руках
У Мінску за 12 тысяч даляраў прадаюць Mercedes-Benz W124 у кузаве седан. Пад капотам у яго базавы 2-літровы бензінавы рухавік на 136 к.с, які працуе ў пары з МКПП. Заяўлены прабег — 110 тысяч кіламетраў.
У апісанні пазначана, што аўтамабіль прыгналі з Германіі ў 2000 годзе, з таго часу аўтамабіль знаходзіцца ва ўласнасці ў аднаго гаспадара.
Прадавец запэўнівае, што аўтамабіль ніколі не трапляў у ДТЗ і знаходзіцца ў вельмі добрым стане.
Сярод фота ёсць здымак копіі нямецкага дакумента, у якім пазначана колькасць уласнікаў аўто ў Нямеччыне. За 8 гадоў такіх было тры.
Мяркуючы па фота, аўтамабіль сапраўды захаваўся ў вельмі добрым стане. Выглядае, што дапамагло не толькі рэдкае выкарыстанне, але і антыкаразійная апрацоўка кузава.
Фота: av.by
Сляды ад апрацоўкі мавіллю бачныя на розных элементах кузава, у тым ліку ў дзвярных праёмах і на ўнутраным баку дзвярэй.
Ці сапраўды гэты Mercedes-Benz такі каштоўны?
Нягледзячы на добры для свайго ўзросту стан і малы прабег, гэты аўтамабіль цяжка назваць экзэмплярам, за якім будуць ганяцца аматары янгтаймераў. І рэч тут не толькі ў тым, што за больш чым 20-гадовую гісторыю знаходжання на канвееры было выпушчана 2,5 мільёна 124-х у розных тыпах кузаву.
Фота: av.by
Выстаўлены на продаж аўтамабіль гэта не рэдкі седан Е500, не купэ і не кабрыялет, а самы звычайны седан у сціплай камплектацыі з самым слабым маторам у лінейцы бензінавых рухавікоў.