Венгрыя і Славакія паскардзіліся на Украіну ў Еўрасаюз
Кіраўнік МЗС Венгрыі Петэр Сіярта заявіў падчас прэс-канферэнцыі ў Брусэлі, дзе сустракаліся міністры замежных спраў Еўрапейскага Саюза, што ягоная краіна падала скаргу ў ЕС на дзеянні Украіны.
22.07.2024 / 21:49
Міністр замежных спраў Вегрыі Петэр Сіярта. Фота: AP Photo/Petros Karadjias, File
Сіярта нагадаў, што і Венгрыя, і Славакія атрымліваюць сырую нафту праз Украіну, бо іншага, альтэрнатыўнага маршруту для іх няма. Аднак Украіна ў аднабаковым парадку ўвяла санкцыі супраць расійскай кампаніі «Лукойл», што прывяло да значнага скарачэння паставак нафты ў гэтыя краіны па нафтаправодзе «Дружба», які ідзе па тэрыторыі Украіны.
«Сёння разам са Славакіяй мы ініцыявалі працэдуру кансультацый трацейскага суда — бо гэта неадкладнае пытанне, паколькі энергазабеспячэнне з'яўляецца вострай праблемай. У ЕС ёсць 3 дні на правядзенне працэдуры кансультацый», — заявіў венгерскі міністр.
Петэр Сіярта ўдакладніў, што ўлады Венгрыі працуюць над рознымі рашэннямі, каб, калі ім не ўдасца дамовіцца з Украінай, пастаўкі сырой нафты не спыняліся.
Па словах Петэра Сіярта, рашэнне Кіева было недружалюбным крокам.
У сваю чаргу старшыня камітэта энергетыкі ўкраінскага парламента Іна Саўсун заявіла, што Украіна чакала больш за два гады, пакуль Еўрапейскі Саюз увядзе рэальныя санкцыі ў дачыненні да расійскай нафты, і што абсурдна дазваляць Расіі атрымліваць грошы на вядзенне вайны за кошт транспартавання нафты праз Украіну.
Кіраўніца камітэта Вярхоўнай Рады расказала, што забарона Кіева на транзіт нафты расійскай кампаніі «Лукойл» мае яшчэ адну мэту: зламаць супраціў Венгрыі пастаўкам зброі ва Украіну і ўступленню ў ЕС.
«Мы выпрабавалі разнастайныя дыпламатычныя рашэнні, але яны не спрацавалі. Падобна на тое, цяпер нам давядзецца выкарыстоўваць іншы падыход у размове з венграмі», — заявіла ўкраінская дэпутатка.
Імпарт нафты ад «Лукойла» аб'ёмам каля 2 млн тон у год быў заблакаваны Кіевам праз рашэнне ўвесці санкцыі ў дачыненні да расійскай кампаніі. Гэты аб'ём складае траціну ад агульнага аб'ёму імпарту ў Венгрыю, які складае 6 млн тон.
Славакія і Венгрыя спыняюць пампаваць нафту праз трубаправод «Дружба». Гэта важна і для Беларусі
Святлана Ціханоўская сустрэлася з Віктарам Орбанам
Еўрапейскі парламент асудзіў «нібыта мірныя намаганні» Віктара Орбана
Орбан заклікаў ЕС аднавіць адносіны з Расіяй