Еўрасаюз пачынае перамовы пра бязвізавы рэжым з Арменіяй
Еўрапейскі Саюз прыняў пастанову пачаць перамовы з Арменіяй аб увядзенні бязвізавага рэжыму, піша Reuters.
22.07.2024 / 22:15
Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян на фоне еўрапейскага сцяга. Фота: Olivier Hoslet, Pool via AP
«Гэта вельмі важны этап у паглыбленні партнёрства паміж Арменіяй і ЕС, заснаваны на агульных каштоўнасцях і прынцыпах», — заявіў міністр замежных спраў Арменіі Арарат Мірзаян.
Еўрасаюз таксама прапанаваў Ерэвану вайсковую дапамогу ў памеры 10 млн еўра.
«Мэтай дапамогі з'яўляецца ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнага патэнцыялу Узброеных сіл Арменіі і садзейнічанне паляпшэнню абароны цывільнага насельніцтва ў крызісных і надзвычайных сітуацыях», — гаворыцца ў паведамленні на сайце Рады Еўрапейскага Саюза.
Змена візавага рэжыму дазволіць грамадзянам Арменіі рабіць кароткатэрміновыя візіты ў краіны Шэнгенскай зоны. Аналагічныя правілы ўжо дзейнічаюць у выпадку Малдовы, Украіны і Грузіі.
У ЕС удакладнілі, што бязвізавы рэжым будзе ўведзены толькі пасля таго, як Ерэван дасягне пэўных «кантрольных паказчыкаў». Гэты працэс можа заняць некалькі гадоў.
У сакавіку 2024 года Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю з прапановай разгледзець магчымасць надання Арменіі статусу кандыдата на ўступленне ў ЕС. Сярод іншага ў дакуменце згадвалася рашэнне краіны замарозіць удзел у АДКБ. Аўтары рэзалюцыі падкрэслівалі, што такім чынам краіна спрабуе паменшыць сваю залежнасць ад Расіі.
Арменія прыняла ўдзел у саміце НАТА. Расія пагражае наступствамі
МЗС Арменіі скарыстала 3 ліпеня, каб яшчэ раз дапячы Лукашэнку
Арменія адмовілася ад удзелу ў «Славянскім базары» ў Віцебску