Муляж у натуральную велічыню. У Клімавічах цалкам з новых матэрыялаў адбудоўваюць гістарычны помнік

У горадзе актыўна рыхтуюцца да абласных «Дажынак», таму часам не да законаў, у тым ліку рэстаўрацыйных.

27.07.2024 / 10:12

Адбудаваная нанова сядзіба Мяшчэрскіх у Клімавічах. 22 ліпеня 2024. Фота: «Родная ніва»

У небагатых на гістарычныя помнікі Клімавічах асабліва вылучалася сядзіба Мяшчэрскіх — яскравы і добра захаваны прыклад драўлянага дойлідства ў псеўдарускім стылі. Але шануюць свае славутасці ў Беларусі своеасабліва. 

У лютым 2021 года музейная экспазіцыя пераехала ў аграгарадок Ціманава, які за 200 метраў ад Клімавічаў, у сувязі з рамонтам дома-сядзібы Мяшчэрскіх. Але ніякіх работ не пачалося. Толькі ў канцы лютага 2024 года ў мясцовай прэсе напісалі пра пачатак рэканструкцыі да абласных «Дажынак», якія пройдуць у горадзе.

Сядзіба Мяшчэрскіх у Клімавічах да рэканструкцыі. Фота: Wikimedia Commons

Але ў якім выглядзе будзе праходзіць рэканструкцыя, там змаўчалі. Ужо ў канцы сакавіка — пачатку красавіка сядзібу пачалі ціха разбіраць. Пра абуральную рэканструкцыя стала вядома, калі помніка ўжо фактычна не існавала. Замянілі нават падмуркі. 

Разборка аўтэнтычнай сядзібы ўвесну 2024 года. Бачна, што пад шалёўкай быў зруб з круглага бярвення. Фота: budzma.org

Муляж замест помніка

Паводле праекта прадугледжвалася максімальнае захаванне аўтэнтычных дэкаратыўных элементаў, драўлянай шалёўкі сцен, фурнітуры, агароджы сходаў (балясаў) з наступнай рэстаўрацыяй, аднаўленнем на ранейшым месцы і ўзнаўленнем страчаных элементаў.

Аднаўленне сядзібы з квадратнага бруса. 11 чэрвеня 2024. Фота: «Родная ніва»

Але з аўтэнтычнага матэрыялу («бярвення, якое захавалася ў здавальняючым стане») аднаўлялася толькі адна з унутраных сцен, усё астатняе — з новых матэрыялаў. Замест круглага бярвення сцены цяпер выкладаюць з квадратнага бруса. 

Спецыялісты звяртаюць увагу, што гэтае аднаўленне адной сцяны з гістарычных бярвення — чыстая фармальнасць, якая служыць для таго, каб упісацца ў азначэнне «рэканструкцыя», для якой дзейнічаюць іншыя нормы, чым для новага будаўніцтва.

Адбудова мезаніна сядзібы. Фота: Mogilev.in

На іх думку, у будаўніцтве сёння існуе наступная схема: заказчык заказвае тэхнічнае абследаванне, якое заўсёды (каб дагадзіць заказчыку) паказвае амаль 100% знос усіх канструкцый, з чаго робіцца выснова, што неабходны поўны дэмантаж. Ахоўны статус мала дапамагае супраць сцвярджэнняў спецыялістаў, што вось-вось усё абрынецца і выратаваць можна, толькі адбудаваўшы з нуля.

Праблема ў тым, што, каб пераправерыць гэтыя заключэнні, камусьці трэба заказаць не вельмі таннае незалежнае абследаванне, чаго кантралюючыя органы зрабіць не могуць. 

Нават падмуркі помніка цалкам замянілі на новыя. Фота: budzma.org

«ППТУП «Магілёўпраектсэрвіс» выдала тэхнічнае заключэнне аб тым, што будынак знаходзіцца ў аварыйна-небяспечным стане і непрыдатны да эксплуатацыі. Фізічны знос будаўнічых канструкцый-падмуркаў, драўляных сцен, паддашкавага перакрыцця дасягнуў 80 адсоткаў», — заяўляла мясцовай раёнцы намесніца старшыні райвыканкама Аляксандра Шапкіна.

Сапраўды, за савецкім часам помнікі архітэктуры ў лепшым выпадку ніхто не рамантаваў, многія з іх моцна пацярпелі, цякуць, гніюць, прасядаюць — але ўсе гэтыя беды адразу бачныя.

Сядзіба Мяшчэрскіх у Клімавічах да рэканструкцыі. Фота: Wikimedia Commons

У выпадку з Клімавічамі ўсё не так. Гэта дыхтоўны асабняк з добрых матэрыялаў, які ніколі не быў у занядбанні. Немагчыма ўявіць, што ў зрубе вонкавых сцен згніла кожнае бервяно. На лямусе брыгіцкага кляштара 1769 года пабудовы ў Гродне і то не кожнае згніла, а ў Клімавічах нейкі іншы клімат, разбуральны для драўніны? 

Адбудова мезаніна сядзібы. Фота: Mogilev.in

Немагчыма таксама праверыць ці сапраўды захавалі хоць бы невялікі фрагмент старога будынка, ёсць вялікая імавернасць, што ён існуе толькі на паперы. Гэта таксама распаўсюджаная практыка ў беларускім будаўніцтве. 

Адбудаваная нанова сядзіба Мяшчэрскіх у Клімавічах. 22 ліпеня 2024. Фота: «Родная ніва»

Можна заўважыць, што сядзібу ў Клімавічах, на якой па праекце абяцалі максімальна захаваць, рэстаўраваць і вярнуць на ранейшае месца драўляную шалёўку, сёння ашалёўваюць выключна новымі дошкамі. Так што помнік стаў яшчэ менш аўтэнтычны, чым заяўлялася першапачаткова.

Шалёўку абяцалі захаваць і вярнуць на роднае месца, але таксама цалкам замянілі на новую. 22 ліпеня 2024. Фота: «Родная ніва»

Драўлянае дойлідства — гэта па сутнасці канструктар. Нашы продкі рэгулярна перасыпалі свае гаспадарчыя пабудовы — гэта значыць разбіралі і збіралі нанава, замяніўшы пашкоджаныя часткі. Тое ж самае дапушчальнае і з пункту гледжання рэстаўрацыі.

Але замена адразу не менш як 80% помніка ў Клімавічах ніякага дачынення да рэстаўрацыі не мае — як лічаць спецыялісты, гэта чыста вандалізм, выкліканы жаданнем пазбегнуць клопатаў з аўтэнтыкай і зрабіць усё хутка («Дажынкі» не за гарамі) ды з выгодай для сябе.

Паўночны завулак у Мінску. Помнікі архітэктуры ці новыя дамы для працаўнікоў СПК? Пасля нядбайнай рэканструкцыі ўжо і не разбярэш без ахоўнай шыльды на сцяне. Фота: Wikimedia Commons

Актывісты прыгадваюць іншы выпадак, калі драўляныя помнікі разабралі, каб аднавіць на іншым месцы. Але праз нядоўгі час выявілася, што ўсе элементы быццам бы згнілі. Такая непрыемнасць адбылася з дамкамі на Паўночным завулку ў Мінску, забудова якога лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і з'яўляецца філіялам Музея народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы.

Паўночны завулак у Мінску. Паўтарыць гістарычныя драўляныя вокны з ліштвамі аказалася непасільнай задачай для сучасных беларускіх праекціроўшчыкаў і будаўнікоў. Фота: Wikimedia Commons

Будынкі аднавілі з новых матэрыялаў з невялікімі ўкрапінамі старых канструкцый. Але калі будаўніцтва было завершана, стала відавочна, што замест помнікаў атрымалі халтуру — будаўнікам не ўдалося паўтарыць ніводную дэталь. Выпраўляць ніхто не стаў.

Тое ж самае можа быць і ў Клімавічах, дзе амбіцыйна замахнуліся паўтарыць з нуля, хоць не маюць у гэтым аніякай практыкі, не проста гарадскі дом, а княжацкую сядзібу.

Княжацкая сядзіба

Асабняк у Клімавічах пабудаваны ў 1867 годзе па ініцыятыве князя Мікалая Мяшчэрскага, які пасля ў 1889-1899 гады (аж тры кадэнцыі) займаў пасаду маршалка дваранства Мсціслаўскага павета — фактычнага кіраўніка павета, якога выбіралі з ліку найбольш заможных і ўплывовых землеўласнікаў. Дом, які князь пабудаваў для сваёй дачкі Марыі, аж да 1917 года з’яўляўся цэнтрам свецкага жыцця Клімавічаў. Пасля ўсталявання савецкай улады сядзібны дом быў канфіскаваны пад рэвалюцыйны камітэт, а пазней у ім знаходзіліся партыйныя і камсамольскія органы. 

Сядзіба Мяшчэрскіх на пачатку XX стагоддзя. Крыніца: marshruting.com

У перыяд нямецкай акупацыі ў гады Другой сусветнай вайны тут размяшчалася казіно для нямецкіх афіцэраў. У пасляваенны час былы асабняк Мяшчэрскіх выкарыстоўваўся ў якасці школы, склада для збожжа, інтэрната для разумова адсталых дзяцей, падліковага аддзела Клімавіцкай машыназлічальнай станцыі.

Урэшце з 1978 года будынак быў перададзены Клімавіцкаму раённаму краязнаўчаму музею, які знаходзіўся ў ім аж да 2021 года, калі мусіла распачацца рэканструкцыя.

 

У Брэсце закансервуюць руіны 400-гадовага кляштара. Гэта адзінае збудаванне, што засталося ад гістарычнага Берасця

У Магілёве знішчаць гістарычную электрастанцыю пад праект забудоўшчыка. Знос ізноў выдаюць за рэканструкцыю

Улады расказалі, чаму дагэтуль не пачалі рэканструкцыю Чырвонага касцёла

Шыбаў няма, тынкоўка патрэскалася. Пракуратура абавязала ЖКГ адрамантаваць гістарычныя будынкі ў Мінску

Ф. Раўбіч