Сталі вядомыя падрабязнасці сустрэчы Дуды і Сі Цзіньпіна наконт рэжыму Лукашэнкі
Дэталямі падзялілася агенцтва Bloomberg.
24.07.2024 / 10:52
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і старшыня КНР Сі Цзіньпін на нядаўняй двухбаковай сустрэчы наконт сітуацыі на мяжы з Беларуссю. Фота: Pedro Pardo / Getty Images
Паводле крыніц агенцтва Bloomberg, знаёмых з працэсам нядаўніх перамоваў Анджэя Дуды з Сі Цзіньпінам, польскі бок прыгразіў Кітаю абарваць чыгуначны транзіт яго тавараў у Еўропу праз Беларусь, калі той не паўплывае на рэжым Лукашэнкі па пытанні нелегальнай міграцыі на польска-беларускай мяжы.
Тым самым Польшча намацала стратэгічную ўразлівасць і Кітая, і Беларусі, бо пасля перамоваў паток мігрантаў на мяжы рэзка скараціўся, паведамляе агенцтва.
Крыніцы адзначаюць, што з-за вайны ва Украіне Беларусь стала адзіным асноўным чыгуначным шляхам кітайскіх тавараў у Еўрасаюз, а цяперашняя нестабільнасць у Чырвоным моры з-за атак хусітаў толькі ўмацавала транзітную ролю Беларусі.
Гэтая тэндэнцыя «радавала» Лукашэнку, бо давала яму магчымасць кампенсаваць амаль поўную залежнасць Беларусі ад Расіі ў галіне таннай энергіі і крэдытаў, падкрэслівае агенцтва.
Па інфармацыі Bloomberg, толькі ў першым квартале 2024 года аб'ём чыгуначных перавозак кантэйнераў з Кітая праз Беларусь павялічыўся на 89%.
Каментуючы агенцтву ход перамоваў у Пекіне, кіраўнік польскага МЗС Радаслаў Сікорскі заявіў, што «Польшча ўсё яшчэ моцна злуецца з-за забіцця польскага салдата на мяжы з Беларуссю» і таму працягне выкарыстоўваць пагрозу закрыцця чыгуначнага транзіту для ціску на рэжым.
Кітайскі МЗС у сваю чаргу паведаміў Bloomberg, што Пекін спадзяецца на вырашэнне польска-беларускіх рознагалоссяў шляхам дыялогу, што «забяспечыць бяспеку і бесперабойнасць міжнародных лагістычных каналаў».
Вось чаму ў Кітаі могуць прыслухоўвацца да Польшчы
Пасля папярэджання ад Кітая колькасць мігрантаў на польскім кірунку скарацілася ў разы — ГРАФІК