Галоўнакамандуючы УСУ расказаў пра перавагу Расіі ў тэхніцы і акрэсліў, што рабіць украінцам
Галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі расказаў пра першачарговыя задачы.
24.07.2024 / 14:53
Аляксанд Сырскі. Фота: тэлеграм-канал галоўнакамандуючага УСУ
У інтэрв'ю The Guardian Аляксандр Сырскі адзначыў, што лінія фронту складае 3700 км. Актыўныя баявыя дзеянні вядуцца на 977 км, што «ўдвая больш, чым працягласць мяжы паміж Германіяй і Францыяй».
Паводле слоў Сырскага, калі размова ідзе аб тэхніцы, суадносіны 1:2 або 1:3 на карысць Расіі. «З 2022 года колькасць расійскіх танкаў падвоілася — з 1700 да 3500. Артылерыйскіх сістэм стала ўтрая больш, а колькасць бронетранспарцёраў вырасла з 4500 да 8900.
У праціўніка значная перавага ў сілах і сродках. Таму для нас на першы план выходзіць пытанне забеспячэння, пытанне якасці», — адзначае галоўнакамандуючы УСУ.
Сырскі прызнаў, што ў апошнія месяцы сітуацыя на фронце была «вельмі складанай», але ён упэўнены, што прасоўванне Расіі можна спыніць.
У якасці прыкладу Сырскі прывёў апошнюю спробу Расіі захапіць Харкаў і суседнюю Сумскую вобласць. «Яна правалілася», — сказаў галоўнакамандуючы УСУ. Баі працягваюцца, але, паводле яго, спроба Расіі стварыць так званы калідор бяспекі побач з расійскай мяжой і Белгарадскай вобласцю была сарваная.
Сырскі назваў паўзучыя перамогі Расіі «тактычнымі» — лакальнымі дасягненнямі, а не аператыўным прарывам, такім, як узяцце буйнога горада.
«У прынцыпе, праціўнік не дамогся ніякага значнага прагрэсу». Пры гэтым, паводле слоў галоўнакамандуючага, страты Крамля ў тры разы вышэйшыя, чым ва Украіны, а на некаторых напрамках «нават больш».
У той жа час Сырскі адмовіўся называць канкрэтныя лічбы страт украінскага боку, а таксама дату доўгачаканай пастаўкі знішчальнікаў F-16, якія павінны ўмацаваць супрацьпаветраную абарону Украіны.
Ён заўважыў, што існуюць межы магчымасцей F-16: яны павінны знаходзіцца на адлегласці 40 км і больш ад лініі фронту з-за рызыкі, што Масква іх саб'е.
У інтэрв'ю Сырскі адзначыў паспяховае выкарыстанне беспілотнікаў-камікадзэ далёкага радыусу дзеяння для нанясення ўдараў у глыбіні тэрыторыі Расіі і падкрэсліў, што ключавая мэта Украіны — знішчыць Керчанскі мост.
Адна з самых надзённых задач — знайсці навабранцаў, каб замяніць забітых і параненых украінскіх салдат. Без мабілізацыі нельга стварыць новыя рэзервы і брыгады, якія неабходны, паколькі Расія нарошчвае сухапутныя войскі.
Па ацэнцы Сырскага, першапачатковая колькасць расійскай групоўкі ў 100 тысяч чалавек вырасла да 520 тысяч, а да канца 2024 года плануецца давесці яе да 690 тысяч чалавек.
«Для нас вельмі важна, каб усе грамадзяне Украіны выканалі свой канстытуцыйны абавязак», — заявіў у інтэрв'ю галоўнакамандуючы і заклікаў украінцаў, якія жывуць за мяжой, таксама прыняць удзел.
«Спадзяюся, што пасля перамогі яны змогуць расказаць сваім дзецям, дзе яны былі. Дзе вы былі, калі ўсе грамадзяне Украіны ваявалі ў такіх жорсткіх баях? Вось у чым пытанне», — цытуе выданне словы Сырскага.
Заўважым, пра павелічэнне чалавечых рэсурсаў як выхад атрымаць перавагу ў вайне заяўляў і былы галоўнакамандуючы УСУ, а цяпер пасол у Вялікабрытаніі Валерый Залужны.
Залужны: Адзіным выхадам у вайне можа стаць павелічэнне колькасці чалавечых рэсурсаў
Байдэн: Украіна можа спыніць і яна спыніць Пуціна