Ізраіль адказаў на гібель людзей на футбольным полі ўдарамі па «Хезбалле» ў Ліване
Ізраіль паведаміў аб нанясенні авіяўдараў па абʼектах руху «Хезбала» ў Ліване ў адказ на ракетную атаку, у выніку якой на акупаваных Ізраілем Галанскіх вышынях загінулі 12 падлеткаў і маладых людзей, піша BBC. Паводле звестак улад, загінулым было ад 10 да 20 гадоў.
28.07.2024 / 09:20
Па кантраляваных Ізраілем Галанскіх вышынях нанесены ракетны ўдар з тэрыторыі Лівана. Ракета выбухнула побач з дзіцячай пляцоўкай у Мадждаль-Шамсе. Загінулі 12 падлеткаў і маладых людзей. Фота: Jalaa Marey / Agence France-Presse / Getty Images
Урад Ізраіля ўсклаў адказнасць за гібель людзей на футбольным полі ў раёне Мадждаль-Шамс на ліванскі шыіцкі ваенізаваны рух «Хезбала». Там, у сваю чаргу, адмаўляюць дачыненне да гэтага канкрэтнага выпадку.
У ноч на нядзелю прэс-служба Арміі абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) паведаміла, што ізраільскія ВПС нанеслі ўдары па абʼектах «Хезбалы» ў глыбіні ліванскай тэрыторыі. Пакуль не зразумела, якія наступствы гэтых удараў.
Эскалацыя можа прывесці да поўнамаштабнай вайны Ізраіля з «Хезбаллай», узброеныя сілы якіх сталі рэгулярна абменьвацца абстрэламі пасля пачатку вайны ў Газе ў кастрычніку 2023 года.
Як паведаміла The Times of Israel, прэмʼер Ізраіля Біньямін Нетаньяху, каментуючы тое, што адбылося, заявіў, што краіна «не будзе моўчкі за гэтым назіраць», а міністр абароны Ёаў Галант паабяцаў «нанесці моцны ўдар па ворагу».
Як сцвярджаюць у ЦАХАЛ, удары гэтай ноччу былі нанесеныя па зброевых складах і «тэрарыстычнай інфраструктуры».
Кіраўнік медыя-офіса «Хезбалы» Махамад Афіф адмаўляе «нейкую сувязь з інцыдэнтам у Мадждаль-Шамсе» на поўначы Ізраіля і называе ўсе абвінавачанні ілжывымі.
Незадоўга да трагедыі «Хезбала» ўзяла на сябе адказнасць за чатыры ўдары, у тым ліку на вайсковы штаб брыгады «Хермон» на схілах гары Хермон. База знаходзіцца прыкладна за тры кіламетры ад футбольнага поля.
Спікер ЦАХАЛ Даніэль Хагары, які пабываў на месцы гібелі людзей, заявіў, што «Хезбала» хлусіць, адмаўляючы сваё дачыненне да здарэння. Паводле яго слоў, удар быў нанесены ракетай Falaq-1 іранскай вытворчасці, «якая эксклюзіўна належыць «Хезбале».
На Галанскія вышыні прыляцела ракета, загінулі як мінімум 10 дзяцей і падлеткаў
Ізраіль папярэдзіў пра магчымасць поўнамаштабнай вайны з «Хезбалой»
Ізраіль папярэдзіў Францыю аб магчымым тэракце падчас Алімпіяды