У Венесуэле ўспыхнулі масавыя пратэсты. Дэманстранты ў адным з гарадоў знеслі помнік Уга Чавесу ВІДЭА
У Венесуэле працягваюцца пратэсты з нагоды сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў. Сярод іншага іх ахвярай у горадзе Кора на поўначы краіны стаў помнік былому прэзідэнту Уга Чавесу.
30.07.2024 / 01:23
Скрыншот з відэа
Пратэсты ахапілі Венесуэлу пасля нібыта перамогі цяперашняга кіраўніка краіны Нікаласа Мадура на нядзельных прэзідэнцкіх выбарах. Улады краіны пасля заканчэння галасавання абвясцілі, што за Мадура прагаласаваў, маўляў, 51% выбаршчыкаў. У той жа час незалежныя апытанні давалі 60% галасоў яго суперніку Эдмунда Гансалесу Уруціа.
Нікалас Мадура на выбарчым участку. Фота: Jesus Vargas/Getty Images
Дэманстранты па ўсёй краіне патрабуюць адстаўкі Мадура, перакрываюць рух транспарту.
Фота: AP Photo/Matias Delacroix
На вуліцах, у тым ліку ў Каракасе, апазіцыянеры ладзяць маршы, у асобных гарадах спрабуюць прарвацца на выбарчыя ўчасткі і зрываюць плакаты з Мадура на рэкламных шчытах. У сталіцы тысячы пратэстоўцаў селі на матацыклы і займаюць дарогі.
СМІ пішуць пра перакрыццё ўчастка Панамерыканскай шашы — гэта сетка дарог у Амерыцы агульнай працягласцю 30 тысяч км з адгалінаваннем на Каракас.
Фота: AP Photo
Тым часам Венесуэла адклікае сваіх дыпламатаў з краін, якія не прызналі выбары: Аргенціна, Чылі, Перу, Коста-Рыка, Панама, Дамініканская Рэспубліка і Уругвай.
Лукашэнка паспяшаў павіншаваць Мадуру з перамогай на выбарах прэзідэнта Венесуэлы
Прэзідэнт Аргенціны Мілей заклікаў армію Венесуэлы абараніць дэмакратыю і волю народа
Улады Венесуэлы абвясцілі Мадуру пераможцам выбараў з 51% галасоў. Але ёсць пытанні
У Венесуэле праходзяць выбары прэзідэнта. Мадура можа страціць уладу